Большасць тых, хто ў 2020-м пратэставаў, не плануе эміграваць з Беларусі
Пратэст у Беларусі ўзімку 2020-га / Еўрарадыё, архіўнае фота
Большасць беларусаў, якія ў 2020 годзе падтрымалі пратэсты, не плануюць у бліжэйшы год эміграваць з краіны. Такія вынікі паказала апытанне, праведзенае Цэнтрам новых ідэй.
У апытанні паўдзельнічалі больш за 1600 чалавек. Палова з іх жыве ў Мінску, 76% маюць вышэйшую адукацыю, амаль усе ўдзельнікі пазітыўна ставяцца да пратэсту 2020 года.
Як расказаў дырэктар Цэнтра новых ідэй Антон Раднянкоў, 56% рэспандэнтаў не плануюць з'язджаць з Беларусі ў бліжэйшы год. Траціна апытаных задумваецца пра гэта, але яшчэ не вырашыла, 11% ужо адважыліся на пераезд. З'язджаць плануюць пераважна мінчукі і жыхары абласных цэнтраў.
Асноўных прычынаў заставацца ў Беларусі называюць тры:
— неразуменне, навошта з'язджаць з роднай краіны;
— неабходнасць дапамагаць сваякам;
— страх не знайсці годную працу за мяжой.
Для пераезду ў іншую краіну тры асноўныя прычыны гучаць так:
— палітычныя рэпрэсіі;
— адсутнасць перспектыў у Беларусі;
— асцярога, што Беларусь уступіць у вайну супраць Украіны.
Толькі траціна рэспандэнтаў верыць, што на радзіму вернецца большасць тых, хто з'ехаў.
Дарэчы, 38% рэспандэнтаў заявілі, што гатовыя з'ехаць з краіны, калі беларускія і ўкраінскія войскі пачнуць змагацца на тэрыторыі Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.