Болтачка: Разумення, як трэба развіваць беларускую эканоміку, у Лукашэнкі няма
Лукашэнка праводзіць нараду за нарадай па эканамічных пытаннях. За адным сталом па розныя бакі ад кіраўніка краіны збіраюцца то "кансерватары" і "лібералы", то прадпрымальнікі і чыноўнікі. А нядаўняя прэс-канферэнцыя атрымала назву "Вялікая размова з прэзідэнтам" і прайшла ў новым фармаце — з прыцягненнем незалежных экспертаў. Што азначаюць гэтыя нарады, ці саспеў Лукашэнка да пераменаў — тлумачыць эксперт “Ліберальнага клуба”, эканаміст Антон Болтачка.
Слухаць размову цалкам:
Асноўныя цытаты:
— Эканамічныя рашэнні, якія трэба прымаць, могуць апынуцца нязручнымі палітычна. Гэта было бачна яшчэ пры канцы мінулага года. Таму пры пачатку гэтага года мы бачым такую актыўнасць. Аляксандр Лукашэнка збірае людзей, якія раяць яму тыя ці іншыя рашэнні. Ён выступае арбітрам паміж рознымі пунктамі гледжання.
— Цягам даволі доўгага часу ў кабінетах улады адбываецца барацьба паміж як мінімум дзвюма групамі ўплыву, кансерватарамі і лібераламі. Гэтая нарада была боем мясцовага значэння. Пытанне ў тым, якое рашэнне будзе прынятае ў выніку. Магчыма, увогуле ніякага рашэння не будзе, проста разыдуцца і далей будуць працаваць на супрацьстаянне ідэяў. Але (чаго я больш за ўсё перасцерагаюся) Лукашэнка можа і прыняць нейкае эмацыйнае рашэнне, у выніку якога мы пабачым змены ў эканамічнай палітыцы.
— Не ўсе адказы задавальняюць прэзідэнта, ён шукае кампрамісныя варыянты. І гэты кампраміс можа стаць сур'ёзнай пагрозай для нашай эканомікі. Я спрабаваў знайсці падмуркі, на якіх будуецца беларуская эканамічная мадэль, і прыйшоў да асновы, што іх няма. Сёння мы бачым наступствы гэтага. Лукашэнка, я думаю, таксама не можа дакладна акрэсліць контуры нашай эканамічнай мадэлі. Ёсць сур'ёзны недахоп стратэгічнага мыслення. Але пошук "трэцяга шляху" заўжды можа прывесці нас у тупік. У выніку мы згубім час на тое, каб з яго выйсці.
— Мне здаецца, ураду трэба падрыхтаваць нейкія рамкі нашай эканамічнай палітыкі. Нешта, што можна было б накладаць, напрыклад, на лісты Пятра Пракаповіча, каб адразу стала зразумела, пасуе нам гэта ці не. У Грузіі, напрыклад, ёсць Эканамічная канстытуцыя, з якой можна зразумець, якія палітычныя рашэнні ў галіне эканомікі адпавядаюць курсу краіны, а якія не. А ў нас гэтыя рамачныя ўмовы зададзеныя воляй аднаго чалавека.
— Шматлікія нарады, новыя фарматы накшталт "Вялікай размовы з прэзідэнтам" — гэта наступствы таго, што разумення, як трэба развіваць беларускую эканоміку, у Лукашэнкі няма. Сёння няшмат хто сумняваецца, што змены патрэбныя. Але — якія? Адказу няма таксама і ў элітаў. І гэта таксама сур'ёзная пагроза.