Брэсцкае "Дынама" павінна выплаціць амаль $400 тысяч
Брэсцкае "Дынама" павінна выплаціць гродзенскаму "Нёману" 398 тысяч 230 долараў ЗША. На гэта яму далі 30 дзён. Такое рашэнне прыняў камітэт па статусе і трансферах футбалістаў Асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола". Разглядалася заява ФК "Нёман" адносна выплаты кампенсацыі за падрыхтоўку і навучанне Паўла Савіцкага. Высвятляецца, што гродзенцы дагэтуль не атрымалі грошы!
Савіцкі перайшоў у брэсцкае "Дынама" ў снежні 2017 года, падпісаў трохгадовы кантракт. "Нёман" прапаноўваў яму застацца, але ўмовы кантракту футбаліста не задаволілі. Савіцкаму 24 гады. Ён — гулец нацыянальнай зборнай Беларусі, адзін з найлепшых бамбардзіраў чэмпіянату краіны (сёлета забіў ужо 9 галоў).
Спачатку "Нёман" патрабаваў 600 тысяч долараў кампенсацыі. У выніку перамоў суму знізілі да $211 тысяч. Відаць, у Гродне і гэтых грошай не дачакаліся і звярнуліся ў федэрацыю, толькі сума цяпер павялічылася амаль удвая.