ФК "Дынама-Брэст" спрабуе даведацца пра працу Марадоны ў Мексіцы
Футбольны клуб "Дынама-Брэст" спрабуе высветліць сітуацыю з працаўладкаваннем старшыні праўлення Дыега Марадоны ў Мексіцы. З'явілася інфармацыя, што аргентынец стаў тэхнічным дырэктарам (альбо нават галоўным трэнерам) каманды "Дарадас дэ Сіналоа", якая выступае ў другім дывізіёне мексіканскага чэмпіянату. Як інфармуе sputnik.by са спасылкай на прэс-сакратара брэсцкага клуба Вольгу Хіжынкову, адміністрацыя накіравала менеджарам Марадоны ліст і цяпер чакае адказ.
Знакаміты аргентынскі футбаліст Дыега Марадона стаў старшынёй праўлення ФК "Дынама-Брэст" у траўні. Гэта была сапраўдная сенсацыя. Месяц ён правёў на чэмпіянаце свету па футболе ў Расіі, па дарозе ў Аргентыну Дыега заехаў у Беларусь. У Брэсце ён правёў прэс-канферэнцыю, наведаў матч "Дынама" (на стадыёне яго горача віталі тысячы заўзятараў), паразмаўляў з футбалістамі. Пасля быў "вылет" дынамаўцаў з Лігі Еўропы, развітанне з групай гульцоў (у тым ліку з Арцёмам Мілеўскім) і з галоўным трэнерам Аляксеем Шпілеўскім, не вельмі ўдалае выступленне ў чэмпіянаце, дзе каманда толькі 7-я.
Некалькі тыдняў Марадона не згадваў пра брэсцкае "Дынама". Але на мінулым тыдні павіншаваў у Instagram з днём нараджэння Аляксандра Лукашэнку і паабяцаў неўзабаве выйсці на працу. На працу ён, магчыма, і выйдзе, але не зразумела дзе — у Мексіцы, ці ў Беларусі?