Брэсцкага праваабаронцу папярэдзілі за інтэрв'ю "Deutsche Welle"
Брэсцкага праваабаронцу Рамана Кісляка афіцыйна папярэдзілі за інтэрв'ю "Deutsche Welle". Як паведамляе тг-канал @belsat, 22 красавіка яго выклікалі ў пракуратуру. Там лічаць, што словы Кісляка, сказаныя ў інтэрвʼю, могуць прывесці "да напружанасці ў грамадстве", а таксама выклікаць акцыі пратэсту.
"Я лічу гэта поўным бязмежжам, — кажа Раман Кісляк. — Атрымліваецца, зараз нават нельга абмеркаваць ніякія праблемы, якія ёсць у грамадстве".
Ён збіраецца абскарджваць афіцыйнае папярэджанне.
Гэта не адзіны такі выпадак у Беларусі ў апошнія месяцы. Нядаўна ў Гродне пракуратура папярэдзіла журналіста Анджэя Пісальніка за яго выказванні на польскім радыё пра сітуацыю ў Беларусі. А галоўны рэдактар баранавіцкага выдання Intex-press Уладзімір Янукевіч атрымаў папярэджанне ад пракуратуры за інтэрв'ю са Святланай Ціханоўскай. Яму нават пагражаюць крымінальнай адказнасцю.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.