Брэсцкія мытнікі затрымалі француза з какаінам і вялікай партыяй экстазі
Супрацоўнікі Брэсцкай мытні пры даглядзе аўтамабіля "Нісан" знайшлі ў вопратцы кіроўцы вялікую партыю наркотыкаў. Там было 198 таблетак экстазі (МДМА) і пакецік, у якім было больш за 8,5 грамаў какаіну, паведамляе сайт Дзяржаўнага мытнага камітэта.
Аўтамабілем кіраваў грамадзянін Францыі. Ён быў кур'ерам, які пастаўляў наркотыкі на тэрыторыю Беларусі. Падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў мытнікі разам з супрацоўнікамі ўпраўлення па наркакантролі затрымалі ў Мінску беларуску, якая замаўляла наркотыка, а потым прадавала іх.
Мытнікі працягваюць высвятляць асобаў, якія маюць дачыненне да дзейнасці гэтай міжнароднай злачыннай групы.
На затрыманых пачалі крымінальныя справы за незаконнае перамяшчэнне праз мяжу ЕАЭС наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, а таксама за незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў. Ім пагражае да 15 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
Абоіх затрыманых узялі пад варту.