Брытанскі велатурыст з-за сітуацыі ва Украіне паедзе праз Беларусь
Аднак замест украінскай палітычнай нестабільнасці ён сустрэўся з праблемамі афармлення беларускай візы.
Рычард Эванс з Вялікабрытаніі мае намер праехаць на ровары каля 25 тысяч кіламетраў вакол свету. Першапачаткова яго маршрут пралягаў праз Украіну. З-за падзеяў апошніх месяцаў раварыст вырашыў ехаць праз Беларусь. Аднак пры падрыхтоўцы падарожжа ў беларускай візе яму адмовілі, бо ў яго не было запрашэння з Беларусі. Праблему не здолела вырашыць ніводнае з чатырох тур-агенцтваў, з якімі працавала каманда Эванса.
Праз "Еўрапейскую роварную Федэрацыю" брытанец выйшаў на брэсцкі роварны клуб "Ручаёк". Той, у сваю чаргу, звярнуўся па дапамогу ў беларускую амбасаду ў Лондане.
Са словаў кіраўніка клуба "Ручаёк" Міхаіла Кузменчука, пасля амаль месячнай перапіскі рашэнне праблемы было знойдзена. Рычард Эванс ўсё ж такі атрымаў доўгачаканую візу.
Кузменчук: "Ён быў вельмі задаволены, што ўсё ж атрымаецца трапіць у Беларусь. Тым больш, ён будзе першы раз і мала што пра яе ведае. Ён сказаў, што хоча ўступіць у нашую арганізацыю. А мы, у сваю чаргу, вырашылі яго прыняць. Вось ён уедзе ў Беларусь, як наш запрошаны, як сябар нашага клуба".
Рычард Эванс выехаў на ровары з Лондану 5 красавіка і плануе вярнуцца дадому на пачатку кастрычніка. Зараз ён ужо знаходзіцца ў Польшчы, а 12 ці 13 красавіка чакаецца яго прыезд ў Брэст.
План маршруту — са старонкі Рычарда Эванса ў Тwitter