БСДП не падтрымала Караткевіч — скандал ці скандальчык?
Кіраўнік партыі Ірына Вештард і яшчэ 7 сяброў ЦК вырашылі не падтрымліваць сваю аднапартыйку і сарвалі прыняцце рашэння.
“Займуся назіраннем”
Паседжанне ЦК БСДП па пытанні падтрымкі, альбо непадтрымкі Таццяны Караткевіч на выбарах праходзіць 28 чэрвеня. І завяршаецца нічым. То бок нават не завяршаецца — з яго сыходзяць восем сяброў партыі на чале са старшынёй Ірынай Вештард. Яна гаворыць, што не будзе ўдзельнічаць у кампаніі некага з кандыдатаў і нават у якасці кандыдаткі:
“Калі ў нас няма нейкага рашэння аб падтрымцы таго ці іншага кандыдата, то я не павінна гаварыць, што я не старшыня партыі, а звычайная грамадзянка”.
Чаму ёй так не падабаецца Караткевіч, Ірына Вештард не тлумачыць. Кажа, што цяпер гатовая падтрымаць хіба што адзінага кандыдата ад апазіцыі, калі такі раптам з’явіцца. А пакуль што засяродзіцца на назіранні за выбарамі. Маўляў, больш карысці будзе.
“Сябры БСДП могуць удзельнічаць у кампаніі Караткевіч”
Як даведалася Еўрарадыё, гісторыю з падтрымкай Таццяны Караткевіч партыяй прыдумаў намеснік Вештард — Ігар Маслоўскі. Гэта ён, разам з яшчэ 12 удзельнікамі ЦК, прасунуў пытанне на паседжанне. Маслоўскі расказвае, што рашэнне заблакавалі 8 яго ўдзельнікаў:
“Праект, які тычыўся удзелу ў выбарчай кампаніі, выносіўся мной і яшчэ 12 сябрамі Цэнтральнага камітэта. Зя яго прагаласавала 16 сяброў з 28. Некалькі не пагадзіліся і сышлі, пазбавіўшы паседжанне кворуму”.
На думку намесніка старшыні БСДП, большасць сяброў партыі ўсё ж падтрымае Караткевіч і будзе працаваць у яе камандзе. “Адсутнасць рашэння ЦК гэтаму не перашкаджае”, — перакананы Маслоўскі.
Ці расколецца БСДП на дзве часткі.
“Не, не думаю. Парушэння статуту партыі не было. Сябры могуць удзельнічаць у любой кампаніі як прыватныя асобы, гэта не забаронена”, — кажа Ірына Вештард. Амаль тое самае чую ад Ігара Маслоўскага. “Усё будзе добра. Па маіх падліках, большасць сяброў БСДП падтрымлівае кандыдатуру Таццяны Караткевіч, яны будуць на яе працаваць”, — перакананы ён.
Але збоку гісторыя выглядае амаль скандальна — намеснік старшыні прапаноўвае падтрымаць кандыдатуру Караткевіч на выбарах (дарэчы, сябра БСДП), а старшыня партыі дэманстратыўна зрывае прыняцце, альбо непрыняцце гэтага рашэння. Дзіўныя паводзіны для групы дзеячаў, якія называюць сябе палітычнай партыяй.
Як усё гэта паўплывае на кампанію Караткевіч.
Пасля нядзельных падзей у стане БСДП былы шэф “Гавары праўду” Уладзімір Някляеў выступае з чарговым пафасным зваротам. Піша, што ніхто сабраць 100 тысяч подпісаў не зможа і трэба здымацца на карысць Статкевіча. Актуальны кіраўнік ГП і па сумяшчальніцтве кіраўнік штаба Караткевіч Андрэй Дзмітрыеў усё ж спадзяецца сабраць запаветныя 100 тысяч:
“Ну... Пакуль бачу, што збяром. Гэта будзе складана, пра вялікія лічбы гаворка не ідзе, але збяром. Нават пасля гэтага рашэння БСДП. Дакладней, непрыняцця рашэння”.
У выніку афіцыйна кандыдатуру Таццяны Караткевіч у якасці кандыдата на выбарах падтрымала толькі ПБНФ і “Гавары праўду”. Апошняя, праўда, пры гэтым засталася без свайго лідара Някляева.