"Будзе нешта цікавае" — экс-палітвязень Кузнечык расказаў, як яго вызвалялі

Андрэй Кузнечык

Андрэй Кузнечык / Радыё Свабода

Палітвязню Андрэю Кузнечыку толькі перад выдачай на мяжы сказалі, што "будзе нешта цікавае". А перад тым патрабавалі збірацца на допыт з дакументамі. Пра гэта ён расказаў у інтэрв'ю Радыё Свабода.

"Дакументаў у мяне ніякіх няма, таму я проста стаяў і чакаў, пакуль мяне выведуць. Мяне вывелі, і я потым чакаю яшчэ некалькі гадзін, што будзе далей. Ну я як бы не пад следствам быў, то бок мяне дапытваць не было наконт чаго. Па адчуваннях, тое, што трэба было ад мяне ў КДБ, яны зрабілі", — згадвае журналіст.

Кузнечык думаў, што яго могуць зноў везці на якое-небудзь інтэрв'ю для прапаганды. Аднак яго пасадзілі ў машыну і павезлі, як на "этап". Калі па адчуваннях палітвязня праехалі Мінск ён вырашыў, што яго вязуць у Наваполацк:

"Да таго ж у Наваполацку ў мяне былі дакументы, да таго ж, наколькі я разумею, гэтыя даведкі, якія пра вызваленне, іх таксама выдаюць у Наваполацку. І таму як бы я ехаў у Наваполацк. А потым аказалася, што гэта не Наваполацк, што "праз 15 хвілін будзе нешта цікавае", як нам сказалі. Ты адчуваеш збянтэжанасць, узрушанасць, адчуванне нерэальнасці таго, што адбываецца. Ты ехаў на машыне з маскай на твары, у кайданках, з КДБ, ехаў увогуле ў зону, а аказваецца, ты прыехаў не ў зону, а на мяжу, цябе забралі іншыя людзі, кажуць табе добрыя словы, кажуць, што ўсё выдатна, а ты едзеш з такім тварам, нібыта там свет на цябе абвальваецца, і спрабуеш гэта пераварыць. Ну, гэта такі шокавы стан".

Палітзняволеных Андрэя Кузнечыка і Алену Маўшук, а таксама неназванага грамадзяніна ЗША вызвалілі 12 лютага. Усіх адправілі за мяжу Беларусі. Паведамлялася, што вызваленне адбылося ў рамках дамоўленасці з адміністрацый прэзідэнта ЗША.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.