Бягун: Калі будзем фарсіраваць падзеі, атрымаем “шэнген” па 35 еўра ў 2017 годзе

Бягун: Калі будзем фарсіраваць падзеі, атрымаем “шэнген” па 35 еўра ў 2017 годзе

Дасягнуць пагаднення на шляху да “шэнгена” па 35 еўра ў бакоў атрымліваецца падчас перамоў, якія праходзяць ў Мінску 20 чэрвеня. Адбылося гэта дзякуючы таму, што і Беларусь, і ЕС пайшлі адзін аднаму насустрач у пытанні пераходнага перыяду па пагадненні аб рэадмісіі, кажа начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун.

Бягун: “Мы пайшлі адзін аднаму насустрач, я б так сказаў. Мы таксама “пусунуліся” і скарацілі на год пераходны перыяд: нам давядзецца ужо праз два гады з таго моманту, як пагадненне набудзе моц (пагадненне аб рэадмісіі, ― Еўрарадыё) прымаць назад нелегальных мігрантаў”.

Беларусь і ЕС вядуць перамовы па двух пагадненнях — аб спрашчэнні візавых працэдур і аб рэадмісіі. Абодва гэтыя дакументы трэба падпісваць у пакеце. Да апошняга часу Еўрасаюз не пагаджаўся даць Беларусі трохгадовы пераходны перыяд па пагадненні аб рэадмісіі.

За два гады, кажа Аляксей Бягун, у Беларусі неабходна “стварыць адпаведную інфраструктуру для ўтрымання нелегальных эмігрантаў, стварыць тэхнічны і арганізацыйны патэнцыял органаў унутраных спраў і памежнай службы, а таксама узгадніць механізмы адпраўкі перададзеных нам з ЕС нелегалаў у краіны, грамадзянамі якіх яны з’яўляюцца, ці ― па рэадмісіі ў Расійскую Федэрацыю”.

Але ёсць на шляху да “шэнгена” па 35 еўра яшчэ адна перашкода. ЕС патрабуе замены існуючых дыпламатычных пашпартоў на біяметрычныя. Мінск чамусьці ўпіраецца, даводзячы еўрапейцам, што існуючыя пашпарты маюць моцную “абарону” і выдаюцца ў адпаведнасці з жорсткім улікам. Брусель гэты аргумент не задавальняе.

Як стала вядома Еўрарадыё, адначасова з перамовамі па рэадмісіі, у Мінску 20 чэрвеня пачаліся і перамовы наконт пагаднення аб спрашчэнні візавых працэдур. Іх вядзе беларускае знешнепалітычнае ведамства. Але ці дасягнуты на тых перамовах хоць нейкі прагрэс, у МЗС і 21 чэрвеня хоць неяк каментаваць адмаўляюцца.

Тым не менш, начальнік Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі ў размове з журналістам Еўрарадыё спадзяецца, што абодва пагадненні ў хуткім часе не толькі будуць падпісаныя, але і запрацуюць з першых дзён 2018 года ― калі Мінск будзе не замаруджваць, а фарсіраваць справу, удакладняе Аляксей Бягун.

Бягун: “Хутка праводзім ўнутрыдзяржаўныя працэдуры, парафіруем два тэксты, потым запускаем праект указа на правядзенне перамоў і падпісанне абодвух пагадненняў ― і ратыфікацыя адным і другім бокам. А калі будзем рыхтавацца да чарговага парафіравання, яшчэ другія-трэція нюансы, то, вядома, можам і ў канцы наступнага года атрымаць, а не ў пачатку”.

Атрымліваецца, цяпер усё ўпіраецца ў здольнасць Бруселя і Мінска дамовіцца наконт дыпламатычных пашпартоў. З улікам таго, што ўсеагульны пераход на біяметрычныя пашпарты ў нас запланаваны на 2019 год, нежаданне Мінска замяняць дыппашпарты ўжо цяпер выглядае, пагадзіцеся, даволі дзіўным.

Нагадаю, пасля падпісання пагадненняў і пачатку работы спрошчанага візавага рэжыму, шэнгенская віза для беларусаў будзе каштаваць 35 еўра замест сённяшніх 60. Скароціцца і спіс дакументаў, якія трэба падаваць на візу.

Фота: www.svaboda.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі