Бяляцкі: Беларусы не могуць жыць 30 гадоў у закансерваванай банцы
Былы палітвязень правёў 23 чэрвеня ў Мінску сваю першую пасля вызвалення прэс-канферэнцыю.
Алесь Бяляцкі выказаўся пра магчымыя змены ў Беларусі. Ён адзначыў, што шмат залежыць ад гатоўнасці да іх грамадства, а таксама і ўладаў.
Бяляцкі: "Мы не жывем на асобна ізаляванай выспе. Свет мяняецца, мусім мяняцца мы таксама. Мы не можам жыць у закансерваванай банцы 10, 20, 30 гадоў. І хацелася б, каб гэтыя змены адбываліся павольным, эвалюцыйным чынам".
Бяляцкі перакананы, што рэзкія змены нічога добрага не прынясуць. Ён выступае за "грамадзянскі мірны супраціў", які б прывёў "да нармальных зменаў у грамадстве", якія б сталі незваротнымі. Але для гэтага трэба нямала працаваць і не адзін год, адзначыў экс-палітвязень.
Нагадаем, праваабаронца Алесь Бяляцкі выйшаў на волю 21 чэрвеня па амністыі. За кратамі ён правёў тры гады.