Б'ёрндален пакуль не атрымаў дазволу ехаць на Алімпіяду трэнерам нашай зборнай
Уле Эйнар Б'ёрндален пакуль не атрымаў дазвол ад Міжнароднага Алімпійскага камітэта на ўдзел у складзе трэнерскага штаба беларускіх біятланістаў падчас гульняў у Пхёнчане.
Прэс-сакратарка Беларускай Федэрацыі біятлона Вікторыя Тарасевіч патлумачыла, што пакуль яшчэ рана казаць пра паездку Б'ёрндалена на Алімпійскія гульні:
"Ініцыятыва пра ўключэнне Б’ёрндалена у склад трэнерскага штаба біятланістаў, зыходзіла выключна з боку Беларускай федэрацыі біятлона. Была накіраваная заяўка ў Міжнародны Алімпійскі камітэт, і пакуль яшчэ адказу ад яго няма. Адказ павінен прыйсці ў бліжэйшы час. Таму рана казаць пра тое, якія ў яго будуць абавязкі і задачы".
Еўрарадыё: Трэнерам якой зборнай ён будзе?
Прэс-сакратар Вікторыя Тарасевіч: Спачатку трэба дачакацца дазволу ад Алімпійскага камітэта. Пасля чаго кіраўніцтва Федэрацыі біятлона ўжо вызначыцца з абавязкамі і задачамі Б’ёрндалена.
Уле Эйнар Б'ёрндален, васьміразовы алімпійскі чэмпіён, заявіў падчас інтэрв'ю выданню VG, што будзе часткай зборнай Беларусі на Алімпіядзе ў Пхёнчхане.
Калі ён атрымае дазвол, то 31 студзеня ён разам з Дар'яй Домрачавай адправіцца ў Паўднёвую Карэю.