Бюджэт-2017: у каледжаў адбяруць, каб даць універсітэтам

Бюджэт-2017: у каледжаў адбяруць, каб даць універсітэтам

Расходы на адукацыю у бюджэце на 2017 год рэзка скарачаюцца, панікуюць незалежныя СМІ. Сапраўды, выдаткі змяншаюцца на $10,4 мільёна. Але паглядзім, ці сапраўды школы, дзіцячыя садкі і ўніверсітэты пойдуць "жабраваць".

Універсітэты атрымаюць больш на $10 мільёнаў, у параўнанні з мінулым годам. Школы і гімназіі —на $4 мільёны. Таксама больш дадуць на дзіцячыя садкі, дадатковую адукацыю дарослых і даследаванні.

А забяруць толькі ў каледжаў, (не блытаць з ПТВ) палову, ад таго, што было раней. Гэта звязана са скарачэнням колькасці навучэнцаў у гэтых установах.

“Скарачаецца сярэднеспецыяльная і тэхнічная адукацыя. Бо ўжо няма людзей, якія хочуць там вучыцца”, — апісвае змены дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валерый Барадзеня.

У ПТВ таксама забяруць, але менш. Ды і саміх прафесійна-тэхнічных вучэльняў засталося зусім мала.

Але інфляцыя ў бюджэце наступнага года, які сёлета прынялі дэпутаты ў першым чытанні, — 15-17%. На такі адсотак можа скараціцца павялічанае фінансаванне ВНУ, садкоў і школ.

Апроч скарачэння расходаў на адукацыю, менш выдаткоўваюць на утрыманне адміністрацыі прэзідэнта, мінус 3,5% у параўнанні з мінулым годам. Але больш — на МУС і нацыянальную бяспеку. Еўрарадыё будзе далей сачыць за зменамі ў бюджэце і аналізаваць іх.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі