Бюджэт на 2018 год дэпутаты будуць прымаць з парушэннем рэгламенту?

Бюджэт на 2018 год дэпутаты будуць прымаць з парушэннем рэгламенту?

Бюджэт краіны на наступны год дэпутаты парламента разгледзяць у першым чытанні 18 снежня. Такое рашэнне парламентарыі прымаюць падчас пасяджэння 14 снежня. І адразу прызначаюць другое чытанне… на наступны пасля дня першага чытання дзень ― 19 снежня. А так можна? Чытаем “Рэгламент Палаты прадстаўнікоў”.

“Калі праект закона не мае патрэбы ў дапрацоўцы і падчас першага чытання па ім не паступілі заўвагі ці прапановы, альбо калі ўнесеныя змены ці дапаўненні носяць тэхнічны характар, то такі праект закона па рашэнні Палаты прадстаўнікоў можа быць разгледжаны ў другім чытанні без дапрацоўкі ў галаўной камісіі”, ― сцвярджаецца ў дакуменце.

Іншая справа, калі па выніках першага чытання такія заўвагі ці прапановы ў дэпутатаў з’яўляюцца і, адпаведна, узнікае патрэба ў дапрацоўцы законапраекта.

“Праект закона, прыняты Палатай прадстаўнікоў у першым чытанні, дапрацоўваецца галаўной камісіяй з улікам заўваг і прапаноў, якія паступілі да першага чытання, і накіроўваецца ў пастаянныя камісіі ў мэтах падрыхтоўкі паправак да яго. Для правядзення гэтай працы ў пастаянных камісіях галаўная камісія ўстанаўлівае тэрмін, які, як правіла, павінен быць не больш дзесяці рабочых дзён”.

Старшыня камісіі па бюджэце і фінансах Людміла Дабрыніна супакойвае:

“Калі будуць нейкія прапановы ці яшчэ нешта, то, вядома ж, дапрацуем! Самае галоўнае, мы бачым, што ў бягучым перыядзе эканоміка нашай краіны набірае абароты. І гэта самае галоўнае ― будзе развівацца даходная частка бюджэту. Калі будуць прыбыткі, то расходы ўсе мы ўрэгулюем ― тут нашмат прасцей”.

Бюджэт на 2018 год дэпутаты будуць прымаць з парушэннем рэгламенту?
Людміла Дабрыніна, фота Змітра Лукашука

Старшыню камісіі падтрымлівае яе намеснік Валерый Барадзеня.

Валерый Барадзеня: “Ужо было “нулявое” чытанне, мы ўжо разглядалі шмат якія рэчы, і цяпер будзем разглядаць пакет дакументаў канцэптуальна. Ну, будуць нейкія пытанні, то памяняем, але ж мы не будзем пераварочваць увесь гэты бюджэт. Праца ішла з вясны над бюджэтам”.

Бюджэт на 2018 год дэпутаты будуць прымаць з парушэннем рэгламенту?
Валерый Барадзеня, фота Змітра Лукашука

З калегамі не згодная дэпутат парламента ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая. Прынцыповыя праўкі ёсць, кажа яна.

“У адпаведнасці з рэгламентам, павінна прайсці не за менш тры дні (паміж першым і другім чытаннем законапраекта, ― Еўрарадыё), нават калі гэта разглядаецца ў тэрміновым парадку. І ўвогуле, як дэпутатам працаваць з дакументам? Глядзіце, сёння ў нас чацвер, сярэдзіна дня, а ў мяне праекта бюджэту да гэтага часу на руках няма ― у канчатковым варыянце ён не даступны на ўнутраных рэсурсах Палаты прадстаўнікоў. А трэба не проста прачытаць, трэба вывучыць, параўнаць лічбы, даведацца пра стаўленне людзей да такога бюджэту. Бо менавіта людзі фармуюць бюджэт, і яны маюць права ведаць, куды пойдуць гэтыя грошы. А маё пытанне, якое я задала раней, так і застаецца без адказу: хто прыняў рашэнне, што прафіцыт бюджэту будзе накіраваны на павышэнне пенсій ваеннаслужачых ― чаму не на павышэнне заробкаў медыкаў ці настаўнікаў?”

Бюджэт на 2018 год дэпутаты будуць прымаць з парушэннем рэгламенту?
Ганна Канапацкая, фота Еўрарадыё

І вось калі тая ж Ганна Канапацкая падчас першага чытання прапануе перанакіраваць прафіцыт бюджэту на іншую катэгорыю грамадзян, па рэгламенце, такое трэба ўзгадняць… з кіраўніком краіны!

Чытаем: “У выпадку, калі вынікам унясення паправак можа быць скарачэнне дзяржаўных сродкаў, стварэнне або павелічэнне расходаў, такія папраўкі ўключаюцца ў праект закона толькі са згоды прэзідэнта альбо па яго даручэнні — урада…”

Такая норма рэгламенту не затрымае прыняцце бюджэту, запэўнівае Еўрарадыё дэпутат Вольга Палітыка.

Вольга Палітыка: “Калі ласка, уносьце сваю прапанову. Але калі яна абгрунтаваная, пралічаная, а не раптам нарадзілася. Але, як правіла, такія ініцыятывы пачынаюць прапрацоўваць з урадам загадзя. А не так, што, берагуць-берагуць, а потым тут іх агучваюць”.

Бюджэт на 2018 год дэпутаты будуць прымаць з парушэннем рэгламенту?
Вольга Палітыка, фота Змітра Лукашука

Прапанову Канапацкай могуць разгледзяць і прагаласаваць асобнай праўкай, а бюджэт можа быць прыняты у цэлым. Гэта, калі ўвогуле дэпутаты прагаласуюць за тое, каб праўка Канапацкай была вынесеная на галасаванне.

Ганна Канапацкая: “Сітуацыя мяне вельмі непакоіць ― я заўважаю не першы раз, што Палата прадстаўнікоў парушае свой уласны рэгламент. Прыклад таму ― мой зварот з патрабаваннем разгляду дэкрэта №3 на адпаведнасць яго Канстытуцыі. Я так і не атрымала афіцыйнага адказу: будзе гэтае пытанне вынесенае на разгляд парламента, каб Палата прадстаўнікоў звярнулася ў Канстытуцыйны суд, ці не”.

Што казаць пра рэгламент, калі дэпутаты на раніцу чацвярга не бачылі канчатковы варыянт праекта бюджэту. 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі