Бюджэтнікам плануюць раз у год выдаваць выплату на аздараўленне
Раз на год беларускія бюджэтнікі будуць атрымліваць перад адпачынкам аднаразовую выплату на аздараўленне. Такая мера прадугледжаная законапраектам "Аб змяненні законаў па пытаннях аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый". Пра гэта агенцтву БЕЛТА распавёў член Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях Палаты прадстаўнікоў Анатоль Дашко.
"У ліку новаўвядзенняў — аднаразовая выплата на аздараўленне ў памеры паловы акладу", — удакладніў дэпутат.
Новы закон дасць галіновым міністэрствам права ўсталёўваць тарыфныя разрады і вызначаць пералікі стымулюючых і кампенсавальных выплат ды іх памеры. Таксама дзяржаўныя органы і бюджэтныя арганізацыі атрымаюць права самастойна вызначаць памеры выплат работнікам у залежнасці ад вынікаў працы і наяўнасці сродкаў.
Дашко нагадаў, што замест дзеючай 27-разраднай Адзінай тарыфнай сеткі работнікаў у Беларусі ўводзіцца 18-разрадная тарыфная сетка для вызначэння памераў аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый. Адпаведныя змены адбудуцца і ў заканадаўстве.
Чакаецца, што дэпутаты разгледзяць законапраект на восеньскай сесіі.