Чаму ў Беларусі "Ноч музеяў" платная
"Ноч музеяў" — сусветная акцыя, прымеркаваная да Дня музеяў, які адзначаецца 18 траўня. Сутнасць у тым, каб прыцягнуць туды моладзь. Звычайна ў свеце начны трып па музеях бясплатны. Аднак у Беларусі за экскурсіі давядзецца аддаць мінімум 1 тысячу (музей Янкі Купалы) і максімум — 175 тысяч рублёў (Гістарычны музей).
"Тысяча — сімвалічны кошт. Мы проста хочам падлічыць колькасць людзей, якія да нас прыйдуць", — кажуць у Літаратурным музеі імя Янкі Купалы і хваляцца, што ў мінулым годзе такіх купюраў назбіралася больш за тысячу!
Яшчэ адной з прычын платнага ўваходу на "Ноч музеяў" называюць жаданне заплаціць артыстам і мастакам, якія бяруць удзел у праграме.
"Задзейнічана шмат творчых калектываў, якія зарабляюць на жыццё мастацтвам. На жаль, не хапае бюджэту, каб аплаціць іх ганарары і зрабіць падзею прывабнай для грамадзян", — тлумачыць Еўрарадыё каардынатар "Ночы музеяў" у Нацыянальным цэнтры сучаснага мастацтва Лізавета Каўцяк. Другая прычына — бяспека наведнікаў:
"Калі няма ніякага бар'еру для ўваходу, прыходзіць занадта шмат людзей. Адкрываючы дзверы музейных памяшканняў, мы даем свабодны доступ да прадметаў мастацтва, якія ўяўляюць як матэрыяльную, так і духоўную каштоўнасць. Да таго ж, у нас сёлета будуць і спектаклі, і шоў светлавых карцін, якія могуць наведваць сем'і з дзецьмі, і зрабіць абсалютна неабмежаваны ўваход — значыць падвергнуць небяспецы нашых наведнікаў".
У галерэі Міхаіла Савіцкага падчас "Ночы музеяў", у адрозненне ад іншых, цэны не ўзляцяць: 50 тысяч, як і ў звычайны дзень.
"Бясплатны ўваход быў 18 траўня, як і ва ўсіх музеях свету, а "Ноч музеяў" усё ж патрабуе большых выдаткаў з боку галерэі, таму мы не можам сабе дазволіць рабіць яе бясплатнай", — прызнаюцца ў галерэі.
У Нацыянальным гістарычным музеі 21 траўня цэны адны з самых высокіх па Мінску. Дарослым давядзецца заплаціць 175 тысяч, студэнтам і школьнікам — 135 і 120 адпаведна. Праўда, калі набыць квіток да 17.00 суботы, ён атрымацца таннейшым.
"А "Ноч музеяў" — гэта мерапрыемства музейнае, таму музей і вызначыў цэны. У нас у экспазіцыі цяпер прадстаўленыя дзве камерцыйныя выставы, таму зыходзячы з гэтага цэны вар'іруюцца. Але ў такія "Ночы" грошы не турбуюць людзей. Платна, бясплатна — наведнікі ідуць", — заўважае супрацоўніца музея.