Чаму ў Беларусі няма свайго “Голасу” і “Ікс-Фактара”

Чаму ў Беларусі няма свайго “Голасу” і “Ікс-Фактара”

На “Еўрабачанні-2016” прадстаўнікі многіх краін былі пераможцамі папулярных тэлешоў — “The Voice” і “The X Factor”. Пра Айвана да ўдзелу ў “Еўрабачанні” мала хто ведаў на радзіме, бо хлопец займаўся скарэннем расійскіх конкурсаў, у тым ліку “Галоўнай сцэны”, якая з’яўляецца расійскай версіяй “X Factor”. Айчынных аналагаў “The Voice” і “X Factor” у Беларусі няма і, мабыць, у найбліжэйшы час чакаць не варта, бо франшыза таго ж “Голасу” каштуе не адну тысячу еўра.

“Мы ніколі не абмяркоўвалі пакупку “Голасу”, — прызнаецца прэс-сакратар тэлеканала АНТ Юлія Дуброўская.У нас ёсць свае праекты, у якіх шмат цікавых знаходак. І мы не ставім такой задачы. Эканамічная сітуацыя ў краіне таксама адпаведная, таму ўсё ж цяпер не той час, калі можна рабіць вельмі дарагія праекты, а "Голас" — гэта вельмі дарагі праект. Гэта расійскі ўзровень, які мы пакуль не пацягнем”.

У прэс-службе БТ каментаваць магчымасць прыходу ў тэлеэфір “Голасу” і “X Factor” адмаўляюцца. А намеснік генеральнага дырэктара СТБ Павел Каранеўскі кажа, што не чуў, каб пра гэта на тэлеканале ішла гаворка.

Пётр Ялфімаў на сляпых праслухоўванні ў другім сезоне расійскага "Голасу"

Акрамя Расіі і іншыя нашы суседзі маюць сусветныя вакальны шоў. Украіна, напрыклад, набыла “X Factor” яшчэ ў 2010 годзе. Адразу пасля старту “The Voice of Holland” купіла франшызу і гэтага тэлешоў. У 2011 годзе выпусціла ў эфір першы сезон “Голасу краіны”, а 29 траўня 2016 годзе пакажа фінал ужо шостага сезону.

Гурт "НаГуаль" на ўкраінскім шоў X Factor

Маленькая Літва, у якой жыве людзей як у нашай Гомельскай вобласці, тройчы паказвала “X Factor” і чатыры разы —“Lietuvos Balsas” (“Голас Літвы”).

Пераможцам чацвёртага па ліку польскага “X Factor” стаў удзельнік сёлетняга “Еўрабачання” Міхал Шпак, а тэлешоў “Voice of Poland” у чэрвені праводзіць кастынг сярод удзельнікаў сёмага сезону. 

Віталь Варанко "штурмуе" польскі "Голас"

На ўдзел у апошнім курсе “Акадэміі талентаў” на АНТ прыйшло 2000 заявак, што гаворыць пра запатрабаванасць шоў сярод маладых спевакоў. Але сапраўднаму поспеху айчынных тэлешоў, якія ёсць на кожным беларускім тэлеканале, перашкаджае больш дарагі і пампезны расійскі прадукт. Трансляцыя расійскіх тэлеканалаў і асобных тэлеперадач, у тым ліку “Голасу” і “Галоўнай сцэны”, “забівае” кантэнт, які прапануюць нашы спецыялісты. У выніку расійскія зоркі, раскручаныя ў тым ліку і беларускім тэлебачаннем, акупуюць Дамы культуры беларускіх гарадкоў і аграгарадкоў, пазбаўляючы беларускіх артыстаў магчымасці зарабляць. 

Адзін з выпускаў айчыннай "Акадэміі талентаў"

Што б змянілася, калі б у нас з’явіліся свае “Голас краіны” ці "X Factor"?

Па-першае, брэнд стопрацэнтна прыцягнуў бы ўвагу вялікай аўдыторыі, прычым нават той, якая ў прынцыпе не глядзіць тэлевізар. Але пры ўмове, калі настаўнікамі будуць не толькі Аляксандр Ціхановіч і кампанія, а і іх калегі з альтэрнатыўнага музычнага цэху.

Па-другое, франшызы раскручвалі б менавіта беларускіх выканаўцаў: як трэнераў, іх зорных калег, так і моладзь (ім не прыйшлося б ездзіць да суседзяў і "вылятаць" толькі за тое, што не з'яўляюцца украінцамі, рускімі ці палякамі).

Па-трэцяе, папулярызавалі б музыку ў тым ліку беларускіх аўтараў.

Па-чацвёртае, абраныя ў жывым эфіры тэлегледачамі пераможцы “Голасу” і "X Factor" маглі б спакойна быць удзельнікамі “Еўрабачання”. А размовы, што “зноў вінаваты Ціхановіч і БТ” ці “ўсё робяць грошы Дробыша”, адразу б зніклі. 

 

Вікторыя Шыйко на апошнім ўкраінскім "Голосе краіны"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі