Чаму ў ЗША выбары ў аўторак, Брытаніі — у чацвер, а ў Беларусі — у нядзелю
Літоўскі сацыял-дэмакрат Эдуардас Шаблінскас прапануе перанесці дзень выбараў у Літве з нядзелі на суботу. На яго думку, гэта было б больш зручна як для арганізатараў галасавання, так і для выбаршчыкаў.
Літоўскае агенцтва навінаў BNS цытуе дэпутата:
“Я прапаную перанесці на суботу, бо маса работнікаў, выбарчыя камісіі, назіральнікі, кандыдаты са штабамі ў нядзелю ўвечары і ноччу чакаюць вынікаў, а ў панядзелак ужо на працу. Мы закрываем вочы на рэальнасць, бо панядзелак — працоўны дзень, а пасля выбараў 10% людзей непрацаздольныя, таму было б лагічна перанесці дзень выбараў на суботу. Калі людзі хочуць з’ехаць — прыйшоў з раніцы, прагаласаваў і едзь сабе, а не наадварот, спяшайся вярнуцца ў нядзелю ўвечары, каб да 20 гадзінаў прагаласаваць”.
Цяпер у Літве ўсе галасаванні праводзяцца ў нядзелю. Найбліжэйшыя выбары — парламенцкія, пройдуць 9 кастрычніка.
У Беларусі, як і ў пераважнай большасці краін свету, таксама галасуюць у нядзелю. І перш за ўсё таму, што “гэта традыцыя”, кажа старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. Акрамя гэтага ў заканадаўстве канкрэтна прапісана, што выбары мусяць праходзіць у выхадны дзень.
Па словах Ярмошынай, дзень агульнага галасавання не змянялі таму, што ніхто не настойваў на такіх зменах:
“Цалкам імаверна, што мне нешта такое казалі падчас грамадска-палітычнага дыялогу, калі прымаўся Выбарчы кодэкс. Але гэта не займела лагічнага развіцця, ніхто не настойваў на тым, каб тэма прапрацоўвалася глыбей. Гэта пытанне ні для каго не было прынцыповым”, — кажа Ярмошына і дадае, што перанос выбараў на працоўны дзень азначаў бы эканамічныя страты для краіны. Гэта быў бы дадатковы выхадны дзень. Яго мусілі б кампенсаваць бюджэту самі грамадзяне.
“Больш за тое, я не ўпэўненая, што гэта забяспечыць яўку выбаршчыкаў. Цалкам імаверна, што ім скарыстаюцца як дадатковым выхадным, які выпадкова намаляваўся. А што да суботы, то з нядзеляй гэта раўназначныя дні, калі б такое пытанне ўзнікла, можна было б разглядаць яго. Але для многіх грамадзянаў субота з’яўляецца працоўным днём. Таму мяркую, што нядзеля ў гэтым плане — дзень універсальны”, — тлумачыць старшыня ЦВК.
Але нядзельныя выбары праходзяць далёка не ва ўсіх краінах. Сярод нашых суседзяў, да прыкладу, у Латвіі плебісцыты ладзяцца ў суботы. У гэты ж дзень праводзяць выбары ў Славакіі, Ісландыі, на Мальце, у Аўстраліі і Новай Зеландыі.
Пятніца — дзень выбараў у Чэхіі і Ірландыі. Чацвер — у Індыі і Вялікабрытаніі. Серада — у Нідэрландах, Паўднёвай Афрыцы і Паўднёвай Карэі. У Даніі, Ізраілі і ЗША — аўторак. Панядзелак — у Канадзе, Нарвегіі і на Філіпінах.
Прычыны, з якіх выбары прызначаюцца на той ці іншы дзень тыдня, шмат у якіх краінах гістарычныя. У Вялікабрытаніі, да прыкладу, галасаванні ладзяцца у чацвер, таму што ў пятніцы звычайна плацілі заробкі, і гэта магло прывесці да вялікай колькасці п’яных выбаршчыкаў у пятніцу і выхадныя. Таксама было вырашана не праводзіць выбары ў нядзелю, бо на рашэнне выбарцаў маглі паўплываць казані ў царкве. У чацвер жа ў гарадах Злучанага Каралеўства праводзіліся кірмашы, і вялікая колькасць людзей накіроўвалася з вёсак у гарады, што і стала асноўнай нагодай ладзіць галасаванне ў гэты дзень.
У Злучаных Штатах агульнанацыянальныя выбары праходзяць у першы аўторак пасля першага панядзелка лістапада кожнага чацвёртага года. У некаторых штатах гэты дзень спецыяльна робяць выхадным. Выбарчы аўторак быў прызначаны яшчэ ў тыя гады, калі амерыканскае грамадства было ў большасці аграрным. У пачатку лістапада ўжо завяршалі збор ураджаю і яшчэ не пачыналіся зімовыя завеі. А аўторак быў прызначаны найбольш зручным днём для выбараў таму, што ён не перашкаджаў святкаваць біблейскую суботу або ўдзельнічаць у традыцыйных сельскіх кірмашах у сераду.
Нагадаем, найбліжэйшыя выбары ў Беларусі пройдуць 11 верасня, у нядзелю.