Чарговыя звальненні ў беларускім офісе IT-гіганта EPAM

Прычына скарачэнняў — “няма працы”

Прычына скарачэнняў — “няма працы” / pixabay.com

Чарговыя звальненні ў беларускім офісе IT-гіганта EPAM. Як стала вядома Еўрарадыё, яго штат неўзабаве зменшыцца на 2%. Пра гэта супрацоўнікам паведамілі на сустрэчы з дырэктарам офіса, якая адбылася 25 кастрычніка.

“Усіх сабралі і аб’явілі пра скарачэнне, — кажа суразмоўца Еўрарадыё. —  Але ёсць інсайдэрскія звесткі, што 2% – лічба заніжаная. Звальняюць каля 200 чалавек. Прычына — “няма працы”.

У мінулым годзе EPAM ужо скарачаў беларускае прадстаўніцтва — пасля гэтага штат складаў каля 4,5 тысяч чалавек. Гэта з улікам спецыялістаў, якіх з рэлацыравалі з Беларусі ў іншыя краіны.

У траўні 2023-га кампанія публікавала фінансавую справаздачнасць, з якой вынікае, што за мінулы год EPAM глабальна прарэдзіў штат, толькі ў пачатку года звольніўшы больш за 2000 чалавек па ўсім свеце. У дадатак скараціліся выдаткі на рэлакацыю. Падобна, аптымізацыя ў кампаніі працягваецца.
 

Пазней EPAM пацвердзіў інфармацыю пра звальненне супрацоўнікаў у беларускім офісе

“Скарачэнне каманды — гэта цяжкае, але неабходнае і адказнае рашэнне”, сказалі @devby у кампаніі і дадалі, што гэта стала “аб’ектыўным адлюстраваннем эканамічнай сітуацыі на глабальным рынку кліентаў за апошнія 12-18 месяцаў”.

Хутчэй за ўсё, пад “сітуацыяй на глабальным рынку кліентаў” маецца на ўвазе тое, што пасля расійскага ўварвання ва Украіну амаль ніхто з заходніх кампаній не хоча супрацоўнічаць з расійскімі і беларускімі фірмамі. Знайсці заказы для беларускіх філіялаў становіцца ўсё цяжэй.

Днямі EPAM адзначыў 30-гадовы юбілей.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі