Чарговы ўкід пра Кейт Мідлтан і новы Джэймс Бонд — #ІхНоравы
Свет абмяркоўвае знікненне прынцэсы Уэльскай і кандыдата на Джэймса Бонда
Відаць, свет сапраўды стаміўся ад навін пра войны і палітычныя разборкі. Сацсеткі ўжо каторы тыдзень гудзяць пра знікненне пасля аперацыі прынцэсы Уэльскай і магчымай наступнай каралевы Вялікабрытаніі Кейт Мідлтан.
Фанаты фільмаў пра Джэймса Бонда перабіралі ўсіх актораў свету і спрачаліся наконт таго, хто варты стаць пераемнікам Дэніэла Крэйга і стане новым агентам 007. Цяпер актывізаваліся фанаты Фрэдзі Мэрк’юры, бо цікава ж, хто набудзе ягоны дом, упершыню выстаўлены на продаж з моманту смерці рок-зоркі.
Пра гэта — у нашым традыцыйным аглядзе міжнародных навін.
“Мы галодныя” — так крычаць пратэстоўцы на Кубе
Такія навіны звычайна губляюцца за абмеркаваннем падзей са свету селебрыці, але вартыя ўвагі. На Кубе ізноў пратэсты, якіх не было з 2021 года.
Тысячы кубінцаў выйшлі на вуліцы на супрацьурадавыя пратэсты па ўсёй краіне.
— Мы больш так не можам. Няма ежы, няма лекаў, няма свабоды. Яны не даюць нам жыць. Мы ўжо стаміліся, — цытуе BBC аднаго з пратэстоўцаў.
Дайшло да кідання камянёў у паліцыю, адключэння інтэрнэта, пагромаў і пераварочвання паліцэйскіх машын, затрыманняў і гэтак далей.
Людзі выйшлі з лозунгамі “Мы галодныя”, “Мы не баімся” і “Далоў дыктатуру”. Што на гэта адказаў прэзідэнт Кубы Мігель Дыяс-Канэль? Беларусы маюць здагадацца.
Правільна, што ўсё гэта правакацыі, дэстабілізацыя і пратэстоўцам заплаціла Амерыка.
А пачалося ўсё… з адключэння электрычнасці ў горадзе Сан-Антоніа-дэ-лас-Баньяс за 25 км ад сталіцы Гаваны. Людзі ўзбунтаваліся супраць эканамічнага крызісу за апошні час. Хоць Куба ніколі і не была багатай дзяржавай, у мінулым годзе эканоміка краіны ўпала на 11% — гэта найбольшы абвал за амаль 30 год. Фатальнымі аказаліся амерыканскія санкцыі і пандэмія.
Усё гэта прывяло да таго, што на Кубе дайшло да дэфіцыту ежы, медыкаментаў і базавых тавараў, рэгулярна на некалькі дзён адключаюць электраэнергію і распаўсюджваюцца інфекцыйныя захворванні.
Эксперты заўважаюць, што кубінцы выйшлі на пратэсты, бо ў іх з’явіўся інтэрнэт, а з ім — незалежныя крыніцы інфармацыі і сацсеткі.
Прэзідэнт ЗША выказаў падтрымку пратэстоўцам і заклікаў улады Кубы паважаць права людзей на выказванне свайго меркавання. Масква прадказальна падтрымала кубінскі ўрад.
У Лондане прадаюць асабняк Фэдзі Мэрк’юры
Garden Lodge, дом легендарнай рок-зоркі выставілі на продаж упершыню за амаль 45 гадоў. За гэты час кошт павялічыўся ў 60 разоў.
Гэта асабняк 1907 года пабудовы ў прэстыжным раёне Кенсінгтан, у якім Фрэдзі правёў апошняе дзесяцігоддзе свайго жыцця да смерці ў 1991 годзе.
Мэрк’юры купіў яго ў 1980-м за наяўныя грошы — 500 тысяч фунтаў стэрлінгаў. Цяпер жа новы ўладальнік мае выкласці сама меней 30 млн фунтаў стэрлінгаў, гэта каля 38 млн долараў. Дом прадае Мэры Осцін, якой ён дастаўся ў спадчыну, бо Фрэдзі Мэрк’юры лічыў яе каханнем усяго свайго жыцця. Жанчыне зараз 72 гады.
Мэры Осцін да апошняга часу жыла ў гэтым доме са сваімі дзецьмі.
"Гэты дом стаў цудоўнай скрынкай успамінаў, таму што ў кожным яго пакоі пануюць любоў і цяпло. Жыць тут было вельмі прыемна, і ў мяне шмат выдатных успамінаў. Цяпер, калі ён пусты, я вяртаюся да таго моманту, калі мы ўпершыню яго ўбачылі. З таго часу, як мы з Фрэдзі ўвайшлі ў легендарныя зялёныя дзверы, гэта было месцам спакою, домам сапраўднага мастака. Цяпер самы час даверыць гэтае пачуццё спакою наступнаму чалавеку", — гаворыцца ў заяве Осцін.
Тыя самыя зялёныя дзверы з агароджы вакол асабняка прадалі на аўкцыёне Sotheby's за 524 тысячы долараў. Яны былі поўнасцю распісаныя фанатамі. Цяпер дом прадаюць з павышанымі мерамі бяспекі, каб пазбегнуць хвалі цікаўных і разявак, якія пад выглядам патэнцыйных пакупнікоў захочуць проста пабываць унутры дома, які Фрэдзі сам афармляў і ўладкоўваў.
Агенцтва нерухомасці будзе спачатку правяраць плацежаздольнасць кандыдата. Да таго ж, хоць адрас дома вядомы, абвесткі пра яго продаж, як і дадзеных пра метраж і іншыя параметры, у публічным доступе няма.
Новага Джэймса Бонда раскрылі?
Эпоха актора Дэніэла Крэйга, які стаў увасабленнем агента 007, сыходзіць. Заходнія таблоіды пранюхалі, што сыграць Бонда прапанавалі Аарону Тэйлару-Джонсану. Кантракт ён нібыта мае падпісаць на гэтым тыдні. Гэтак была раскрытая інтрыга, што некалькі месяцаў не давала спакою фанатам бандыяны.
Такім чынам, калі Тэйлар-Джонсан сапраўды прыме прапанову, ён стане сёмым акцёрам за ўсю гісторыю франшызы, які выканае ролю культавага сакрэтнага агента.
Аарону 33 гады, ён здымаўся ў “Довадзе” (2020) Крыстафера Нолана, у брытанскай версіі “Анны Карэнінай” (2012), праславіўся ролямі ў фільмах “Начныя жывёлы”, “Піпец”, “Мсціўцы: Эра Альтрона”.
У адказ на чуткі, акцёр сказаў журналістам:
— Мне прыемна і міла, што людзі бачаць мяне ў гэтай ролі. Я ўспрымаю гэта як вялікі камплімент.
З’явілася відэа з Кейт Мідлтан, але зноў кажуць, што гэта не яна
Таблоіды TMZ і The Sun распаўсюдзілі ў сацсетках відэа нібыта з прынцам Уільямам і прынцэсай Кейт Мідлтан. Яе шукае ўжо ўвесь свет, а ў сацсетках і асабліва ў брытанскім грамадстве паўзуць неверагодныя чуткі і самыя дзіўныя канспіралагічныя тэорыі. Пачынаючы з таго, што яна збегла з каралеўскай сям’і праз здрады Уільяма, да таго, што яна ўвогуле памерла.
Кейт ніхто не бачыў ужо тры месяцы. У сярэдзіне студзеня ёй зрабілі аперацыю на жываце, і яна дома ідзе на папраўку, а да абавязкаў вернецца пасля Вялікадня — гэта ўсё, што афіцыйна паведамляе каралеўская сям’я.
Кейт няўдала апраўдалася, што яна толькі вучыцца карыстацца фоташопам, але сацсеткі правялі сваё расследванне і выявілі, што ў здымак уклееная яе пазамінулагодняя фатаграфія з вокладкі Vogue.
І вось публікуецца відэа, дзе Кейт з Уільямам вяртаюцца з фермерскай крамы ў Віндзары. Кейт пасміхаецца і нясе пакет з пакупкамі. “Гэта не Кейт”, — адназначна заяўляюць сацсеткі.
Праўда, эксперты ў галіне “Кейтгейта”, як назвалі знікненне прынцэсы, пакуль не вырашылі дакладна, што гэта за відэа. Працоўныя версіі — гэта Уільям побач з іншай жанчынай: каханкай або двайніком Кейт; гэта старое відэа, бо на фоне відаць яшчэ калядныя ўпрыгожанні на будынках; гэта згенераванае штучным інтэлектам відэа.
Галоўны аргумент у тых, хто не верыць, што гэта сапраўды Кейт, такі:
“Калі яна добра сябе адчувае, гуляе, то чаму б каралеўскаму палацу не запісаць з ёй кароткае відэа, каб супакоіць усіх? Маўляў, вось я, іду на папраўку, да сустрэчы пасля Вялікадня, не з’язджайце з глузду. А гэты ўкід робіць толькі горш”, — пішуць у сацсетках.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.