Чарговыя перамовы па ўкраінскім крызісе пройдуць сёння ў Мінску
Гаворка зноў пойдзе пра адвод цяжкіх узбраенняў і стварэнне дэмілітарызаванай зоны.
На сёння прызначанае пасяджэнне чатырох працоўных падгрупаў і Трохбаковай кантактнай групы па ўрэгуляванні канфлікту на Данбасе. У працы кантактнай групы прымуць удзел прадстаўнік Украіны Леанід Кучма, прадстаўнік Расіі Азамат Кульмухаметаў, а таксама спецыяльны прадстаўнік АБСЕ Марцін Сайдзік.
Украіна перадала расійскаму боку дзве прапановы, распрацаваныя Генеральным штабам, аб стварэнні зоны бяспекі ў раёне вёскі Шырокіна пад Марыупалем і па адводзе цяжкіх узбраенняў калібрам менш за 100 мм — для артылерыі, 85 мм — для мінамётаў і ўсіх тыпаў танкаў. Адвод павінен адбыцца на максімальную дальнасць стральбы названага ўзбраення. Абодва бакі павінны адвесці адпаведнае ўзбраенне на адлегласць 15 кіламетраў.
Апошнім разам Трохбаковая кантактная група збіралася ў Мінску 23 чэрвеня. Таксама адбыліся сустрэчы ў трох падгрупах, дзе вырашаліся пераважна гуманітарныя пытанні.
Фота: REUTERS