Чэхі і славакі абураныя расійскім фільмам пра падзеі 1968 года
Задушэнне "Пражскай вясны" ў кінастужцы названае "прадухіленнем ваеннага перавароту, які падтрымліваўся Захадам".
Расійскі тэлеканал "Расія 1" паказаў дакументальную кінастужку "Варшаўская дамова. Рассакрэчаныя старонкі". Гаворка ў ім вядзецца пра ваеннае ўварванне савецкіх войскаў у Чэхаславакію ў жніўні 1968 года. Стужка выклікала абурэнне ўрадаў Чэхіі і Славакіі. Як перадае ВВС, яны абвінавацілі Маскву ў спробе перапісаць гісторыю.
У жніўні 1968 года ў Прагу ўвайшлі танкі краін-удзельніц Варшаўскай дамовы. Падчас ваеннага задушэння выступаў прыхільнікаў ліберальных рэформаў загінулі больш за сто грамадзян Чэхаславакіі.
Аўтары фільма, які выйшаў у эфір 23 траўня, кажуць, што "мэтай уводу войскаў у Чэхаславакію было прадухіленне ваеннага перавароту, які падтрымліваўся Захадам".
Чэшскі ўрад выклікаў у МЗС расійскага амбасадара з нагоды дэманстрацыі стужкі. Кіраўнік чэшскага МЗС Любамір Зааралек лічыць, што гэты фільм "уводзіць у зман".
Славакія выказала афіцыйны пратэст у сувязі з паказам гэтай дакументальнай стужкі. МЗС Славакіі нагадаў, што ў мінулым Расія прынесла афіцыйныя прабачэнні за ўварванне і акупацыю Чэхаславакіі.
Фота — AFP