Чым цяпер жыве Куба, дзе сем дзён таму пачаліся антыўрадавыя выступы
Пратэст на Кубе 11 ліпеня / Reuters
У 1959 годзе кубінскія рэвалюцыянеры пачулі ад камандантэ Чэ Гевары заклік: "Радзіма або смерць". Сёлета чацвёра мясцовых музыкаў стварылі іншы слоган — "Радзіма і жыццё". Гэтую песню кубінцы спяваюць цяпер, выходзячы на вуліцы і выказваючы свой пратэст рэжыму, які дзейнічае ў краіне дзясяткі гадоў.
Пасля першых масавых мітынгаў былі затрыманыя каля ста чалавек. Працягнуліся затрыманні і пасля: адна з кубінскіх актывістак была затрыманая проста ў час інтэрв'ю, якое яна давала ў жывым эфіры, пісала CNN. Усяго праваабарончыя арганізацыі гавораць пра дзвесце затрыманых.
Актывісты абвінавацілі ўлады ў рэпрэсіях, у сацыяльных сетках з'явілася некалькі відэаролікаў, на якіх паліцыя збівае пратэстоўцаў. Намеснік міністра ўнутраных спраў Кубы генерал Хесус Мануэль Бурон Табіт падаў у адстаўку.
Дзяржаўнае тэлебачанне ў адказ паказала кадры, на якіх людзі рабуюць доларавыя крамы і перакульваюць пустыя паліцэйскія машыны.
Праз тыдзень пасля пачатку пратэстаў урад склікаў сваіх прыхільнікаў. У мінулую нядзелю людзі пратэставалі супраць несвабоды і голаду. У гэтую нядзелю ўжо іншыя кубінцы абаранялі сваю старую рэвалюцыю 1959-га.
Еўрарадыё расказвае пра тое, што цяпер адбываецца на Кубе і якая тут роля ЗША.
Саступкі ўлады і праўладны мітынг
Неўзабаве пасля пачатку пратэстаў на Кубе, якая маўчала трыццаць гадоў, прэзідэнт звярнуўся з тэлезваротам. Прамова Мігеля Дыяс-Канеля заняла чатыры гадзіны. І ён скончыў яе заклікам да прыхільнікаў: выходзьце на вуліцу, абараняйце "рэвалюцыю".
Прайшоў тыдзень, і прыхільнікі ўлады сапраўды выйшлі на вуліцу. Сярод тых, хто прайшоў у шэрагах праўладнага мітынгу, быў Рауль Кастра. У руках ва ўдзельнікаў былі фатаграфіі яго брата — Фідэля Кастра.
Прэзідэнт сказаў, што сабраць мітынг было няпроста: у краіне назіраецца рост заражэнняў COVID. Але ўлады на гэта пайшлі. Адна з удзельніц мітынгу расказала карэспандэнту Reuters, што рабочых склікалі ў "Камітэты абароны рэвалюцыі". Адтуль а чацвёртай раніцы аўтобусы пачалі развозіць іх да месцаў мітынгаў.
За некалькі дзён да таго, як улады паказалі колькасць сваіх прыхільнікаў, урад усё ж пайшоў на саступкі пратэстоўцам. Цяпер турысты, якія прыбываюць на востраў, змогуць не плаціць пошліну за ўвезеныя медыкаменты і прадукты першай неабходнасці.
Зроблена гэта нібыта ў адказ на просьбу саміх падарожнікаў. Але мяркуецца, што такім чынам самі кубінцы змогуць займець хоць невялікую падтрымку: у краіне голад, нястача базавых прадуктаў і лекаў.
Няма турыстаў — няма долараў
Кубу моцна падкасіла пандэмія. Ужо мінулым летам урад пайшоў на пэўныя паслабленні. Напрыклад, дазволіў купляць за долары прадукты першай неабходнасці, дэфіцытныя ялавічыну і макарону, шампуні і мыла.
У сярэдзіне мінулага лета Куба адважылася адкрыць межы і пачаць прымаць турыстаў: узровень захваральнасці на востраве быў тады вельмі нязначны. Але потым усё змянілася.
Цяпер, у дні, калі кубінцы выходзяць на вуліцы, фіксуецца ўсплёск захворванняў COVID-19. Людзі пратэстуюць супраць палітыкі ўладаў у пытанні пандэміі. Замежныя вакцыны Куба не прымае, распрацоўвае пяць сваіх. Пакуль што ўхваленая толькі адна.
Рускія турысты лётаюць на курорт Варадэра, а мясцовыя жыхары крытыкуюць кіраўніцтва краіны, якое дазволіла авіярэйсы. Менавіта ў рэгіёне, дзе размешчаны курорт, фіксуецца наймацнейшы ўсплёск захваральнасці на COVID-19.
Неўраджай цукровага трыснягу і блакада ЗША
Акрамя турызму, кубінскую эканоміку на плаве падтрымліваў экспарт цукру. Але сёлета не ўрадзіўся нават цукровы трыснёг.
Ну і галоўнае. Амерыканскія санкцыі таксама ніхто не адмяняў. Гэта асноўнае, да чаго цяпер апелююць абаронцы дзейнай улады. І тое, што мы называем санкцыямі, яны завуць проста блакадай.
Ці верне Байдэн на Кубу "адлігу" Абамы?
Дональд Трамп у канцы свайго папярэдняга прэзідэнцкага тэрміну ўзмацніў абмежаванні на імпарт кубінскага тытуню і алкаголю.
Калі адменяць санкцыі? Трамп абяцаў, што яны пратрымаюцца "да таго часу, пакуль не будуць вызваленыя ўсе палітвязні, пакуль не будзе паважацца свабода выказвання і сходаў, пакуль не будуць легалізаваныя ўсе палітычныя партыі і прызначаныя свабодныя выбары".
Яго папярэднік Барак Абама быў настроены куды як больш міралюбна. Менавіта ён пачынаў палітыку па нармалізацыі адносін з урадам вострава. Дамоўленасць стаць на шлях нармалізацыі адносін была заключаная пры ўдзеле Папы Францішка! Гавана і Вашынгтон адкрылі амбасады.
Але рэспубліканец Трамп змяніў палітыку ЗША ў дачыненні да Кубы. А што кажа адміністрацыя дэмакрата Джо Байдэна?
Адносіны ЗША і Кубы проста цяпер: усё складана
Літаральна за 10 дзён да пачатку пратэстаў на востраве ў амерыканскай адміністрацыі расказвалі, што вось-вось зоймуцца пераглядам палітыкі Трампа.
Чаму гэта заняло так шмат часу? Байдэну трэба было разабрацца са спадчынай свайго папярэдніка, вярнуць ЗША ў шэраг міжнародных арганізацый. Толькі-толькі скончылі з пераглядам адносін з Паўночнай Карэяй. І якраз збіраліся ўзяцца за Кубу, пісаў ТАСС са спасылкай на дзяржсакратара ЗША Энтані Блінкена.
Праўда, яшчэ раней выданне Washington Post паведамляла са спасылкай на ўласныя крыніцы, што тэма амерыкана-кубінскіх адносін для адміністрацыі Байдэна проста мае нізкі прыярытэт.
Якім чынам Байдэн павядзе сябе зараз, пакуль незразумела. Пакуль што яго пасланне кіраўніцтву Кубы было хоць даволі дыпламатычным, але ясным:
"Мы падтрымліваем кубінцаў і іх барацьбу за свабоду, пераадоленне трагічных наступстваў пандэміі і пратэст супраць дзесяцігоддзяў рэпрэсій і эканамічных пакут. Злучаныя Штаты патрабуюць ад кубінскага рэжыму пачуць уласных грамадзян, выканаўшы іх патрабаванні ў гэты крытычны момант, замест таго, каб займацца самаабагачэннем", — цытавала Байдэна ВВС.
А ў дзень сустрэчы з канцлерам ФРГ Ангелай Меркель Байдэн выказаў яшчэ большае расчараванне ў Кубе: назваў яе "краінай, якая правалілася", а камуністычны рэжым — "сістэмай, якая правалілася".
Без інтэрнэту і грашовых пераводаў
У гэтыя выхадныя прайшоў і іншы мітынг: актывісты прыехалі з Фларыды пад сцены Белага дома, каб папрасіць Байдэна не пра словы, а пра рашэнні.
Цяпер грамадзянам краіны, якія галадаюць, іх больш забяспечаныя сваякі з ЗША нават не могуць пераслаць грошай. Амерыканскія ўлады не аднаўляюць магчымасці грашовых пераводаў, бо баяцца, што большую частку грошай канфіскуе рэжым, піша CNN.
Байдэн гатовы і вакцыны на Кубу адправіць, калі краіна далучыцца да міжнароднай арганізацыі COVAX. Тады сябры арганізацыі змогуць пракантраляваць працэс вакцынацыі і прасочаць, каб вакцына дасталася кубінцам.
Байдэн таксама сказаў, што спецыялісты якраз вывучаюць магчымасць вярнуць на Кубу інтэрнэт. У краіне не працуюць WhatsApp, фэйсбук, інстаграм і некаторыя сэрвісы тэлеграма. Адным словам, адміністрацыя шукае спосабы падтрымаць кубінскі народ, не папаўняючы "кішэню карумпаванага аўтарытарнага рэжыму".
У ЗША да гэтага часу не могуць вырашыць, як рэагаваць на сітуацыю, спрачаюцца, ці працуюць санкцыі, піша Newsweek. Сенатар ад дэмакратычнага штата Фларыда Аннэт Тадэа сцвярджае, што Куба павінна скарыстацца магчымасцю "знесці гэтую сцяну". І параўноўвае гэтыя пратэсты з момантам падання сцяны паміж Усходняй і Заходняй Германіяй.
А вось сацыяліст Бэрні Сандэрс запэўнівае, што Джо Байдэн павінен стаць паслядоўнікам свайго папярэдніка Барака Абамы.
Бо калі кубінцы пакідаюць вуліцы, яны вяртаюцца ў дамы, дзе многім па-ранейшаму няма чаго есці. Калі няма патрэбы выбіраць паміж "радзімай і жыццём", магчыма, няма патрэбы выбіраць таксама паміж "жыццём і дэмакратыяй".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.