Чыноўнікі працягваюць масава набываць службовыя аўтамабілі

Чыноўнікі працягваюць масава набываць службовыя аўтамабілі

Яшчэ ў ліпені Еўрарадыё заўважыла, што раённыя чыноўнікі пачалі масава набываць службовыя аўтамабілі. Мы налічылі каля 20 тэндараў на закупку новых аўтамабіляў для розных выканкамаў агульнай сумай каля 800 тысяч рублёў. Збольшага набываюць Geely (Камянецкі, Іванаўскі, Крупскі, Брагінскі, Сенненскі, Дубровенскі, Свіслацкі, Пастаўскі, Зэльвенскі райвыканкамы), якія цяпер лічацца машынамі беларускай вытворчасці. Увосень аўтамабільных чыноўніцкіх тэндараў стала яшчэ больш!

Пружанскі райвыканкам вырашыў не разменьвацца на дробязі і адразу купіць Nissan Qashqai за 51 тысячу 600 рублёў. Як паведаміў Еўрарадыё начальнік транспартнага абслугоўвання райвыканкама Ігар Якімовіч, усяго ў іх шэсць аўтамабіляў:

"Адна машына стала патрабаваць занадта вялікіх сродкаў для абслугоўвання і рамонту. Таму мы вырашылі купіць новы".

Чаму Nissan, а не Geely? Таму што ён, на думку начальніка транспартнага абслугоўвання, "больш трывалы”.

Пружанскія чыноўнікі — прыхільнікі Nissan. У верасні тут спрабавалі купіць Nissan Terrano.

Навагрудскі райвыканкам набывае легкавы аўтамабіль за 26 тысяч рублёў. Як тлумачыць начальнік транспартнага абслугоўвання райвыканкама Уладзімір Крывель, у іх усё старое і трэба мяняць:

У сярэднім машынам ужо гадоў па 9-10. Ёсць у нас Аўдзі, якой ужо 24 гады, на ёй наш кіраўнік ездзіць. Там ужо ўсё згніло. Ды і запчасткі з кожным годам усё складаней даставаць. Вось і ўся неабходнасць".

У навагрудскім райвыканкаме забыліся, што летам 2015 года набывалі праз тэндар новую Geely EMGRAND X7. Хто ездзіць на гэтым аўтамабілі, калі кіраўніка раёну возяць на старой аўдзі — вось у чым пытанне!

У Бераставіцкім райвыканкаме таксама вырашылі набыць начальніку новы легкавы аўтамабіль за 53 тысячы рублёў. Навошта ім новы аўтамабіль?

"Ён будзе перададзены старшыні замест яго цяперашняга, які прыйшоў у непрыдатнасць. Аблвыканкам узгадніў пакупку, былі вылучаныя грошы на набыццё новага аўтамабіля".

Апошні раз службовыя аўтамабілі тут набывалі ў 2014 і 2013 гадах.

У выніку за апошнія тры месяцы тэндары на набыццё службовых аўтамабіляў выходзяць на суму больш за 1 мільён рублёў. Гэта каля паўмільёна долараў на новыя аўтамабілі.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі