Чырвоны Крыж просіць Мінздароўя абавязаць медработнікаў плаціць унёскі
Беларускі Чырвоны Крыж
Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК) пасля страты фінансавання ад міжнародных праграм шукае сродкі да існавання ў кішэнях медработнікаў. У прыватнасці мінскае аддзяленне таварыства звярнулася ў Міністэрства аховы здароўя з просьбай "аказаць садзейнічанне ў пераходзе на фіксаванае членства ў першасных арганізацыях Беларускага Чырвонага Крыжа ўстаноў аховы здароўя горада Мінска". Для гэтага трэба, каб патэнцыйныя члены напісалі заяву на адлічэнне ўзносаў "у памеры 1% сярэднямесячнай заработнай платы раз у год". Дакумент-зварот публікуе ў сацсетках Фонд медыцынскай салідарнасці.
Нагадаем, што ў снежні мінулага года Міжнародная Федэрацыя Таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФТЧКіЧП) прыпыніла членства БТЧК. Прычынай стала адмова з боку Беларусі звольніць старшыню Беларускага Чырвонага Крыжа Дзмітрыя Шаўцова. Пытанні да яго ўзніклі з-за яго заяў, "у тым ліку аб ядзернай зброі і аб перамяшчэнні дзяцей у Беларусь", а таксама з-за яго візітаў у акупаваныя Расіяй Луганск і Данецк, гаварылася ў прэс-рэлізе міжнароднай арганізацыі.
Нагадаем, Шаўцоў падчас візітаў у акупаваныя раёны Украіны насіў адзенне з літарай Z. Ён таксама заяўляў, што Беларускі Чырвоны Крыж удзельнічае ў вывазе ўкраінскіх дзяцей у Беларусь.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.