Ці абараніла б ядзерная зброя Украіну і Беларусь?

Адмовіўшыся 20 гадоў таму ад ядзернай зброі, Украіна атрымала ад ЗША, Вялікабрытаніі і Расіі гарантыі суверэнітэту і бяспекі. Пасля таго як Расія пачала анексію Крыма, з’явілася меркаванне, што лепшай гарантыяй незалежнасці была б усё ж такі наяўнасць ядзернай зброі. Ці сапраўды гэта так?

Былы старшыня Вярхоўнага Савета, першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч, які ў свой час “раззброіў” нашу краіну, лічыць, што ўсё зрабіў правільна.

Станіслаў Шушкевіч: “Уявіце, што Беларусь не адмовілася б: а што, Расіі было б цяжка ўвесці ў Беларусь войскі, каб абараніць ядзерную зброю ад беларускіх экстрэмістаў, нацыяналістаў і іншых падлюг, на думку расійскага боку? Расійскі бок любое кляймо прыклеіць, і ўсе расійскія мас-медыя падтрымаюць. І Расія паводзіць сябе так, як паводзіў Савецкі Саюз”.

Украінскі палітолаг Уладзімір Фісенка кажа, што ў сярэдзіне 1990-х у “фармальна ядзерных” Беларусі і Украіны не было іншага выйсця, як адмовіцца ад такой зброі. Па-першае, гэта пазбавіла ад вялізных выдаткаў. А таксама не зрабіла краіны ізгоямі ў міжнароднай супольнасці, якім стаў Іран.

Уладзімір Фісенка: “Нават калі б ядзерная зброя засталася б ва Украіне, я не ўпэўнены, што гэта стрымала б Пуціна. Яшчэ больш не ўпэўнены, што Украіна пайшла б на выкарыстоўванне гэтай зброі супраць Расіі. Усе разумеюць, наколькі негатыўныя наступствы. Ядзерная зброя зброя стрымлівання. Але калі агрэсар хоча дзейнічаць, яго нішто не спыніць”.

Станіслаў Шушкевіч нагадвае, што Беларусь вырашыла пазбавіцца ад ядзернай зброі яшчэ раней за Украіну. І атрымала тыя ж гарантыя бяспекі, як і паўднёвы сусед, падпісаўшы ў 1994 годзе Будапешцкі мемарандум. Згодна з ім, ЗША, Вялікабрытанія і Расія гарантуюць нам суверэнітэт і бяспеку. Толькі невядома, ці дапамогуць яны ў выпадку чаго.

Станіслаў Шушкевіч: “Вы ж разумееце, што цяпер ніякія дакументы ў свеце нічога не значаць значыць сіла, усе вярнуліся да таго”.

Палітык упэўнены, што захаванне ядзернай зброі — гэта, хутчэй, шлях да знішчэння нашай краіны.

Сапраўды, калі б ядзерная зброя і засталася, скарыстацца ёй было б не так і лёгка. Бо ўсе сістэмы кіравання ўсё роўна знаходзіліся ў Маскве, кажа ваенны эксперт Аляксандр Алесін:

“Кнопка ці ядзерны чамаданчык быў у руках кіраўніцтва Расійскай Федэрацыі. Гэты плутоній ці жалеза маглі мець каштоўнасць толькі з пункту гледжання ўтылізацыі. Запусціць можна было, толькі выкарыстоўваючы сістэму кіравання, якая замыкалася на маскоўскі цэнтр”.

Ці можна неяк узнавіць ядзерны патэнцыял дзвюх краін? Хутчэй, не, як вынікае са слоў Аляксандра Алесіна. Бо эканамічны патэнцыял Украіны не параўнальны з патэнцыялам СССР. Толькі што ёсць Паўднёвы машынабудаўнічы завод і канструктарскія бюро, якія дагэтуль выпускаюць вадкасныя ракеты. Хай сабе і для “мірных” касмічных запускаў — у Беларусі няма і такога.

Цікава, што дэпутат Вярхоўнага Савета Беларусі XII склікання Сяргей Навумчык называе вывад ядзернай зброі з Беларусі “самай вялікай памылкай пачатку 1990-х”.

“Гэта глупства. Шушкевіч быў фізік-ядзершчык, ён выдатна разумеў гэтыя дэталі, ведаў, у адрозненне ад Навумчыка і іншых, ён чалавек рэальны, таму разумеў, што скарыстацца гэтай зброяй нельга. Смешна меркаваць, што калі б у нас было 80 боегаловак і мы маглі б адстраляцца імі ад усяго свету ў выпадку, калі б Расія ці хто іншы ўжыў да нас пагрозу сілы”, — не пагаджаецца Аляксандр Алесін.

Ваенны эксперт лічыць, што і Аляксандр Лукашэнка ў гэтым плане зрабіў усё правільна, прамяняўшы ядзерную зброю на газавыя зніжкі. На думку ваеннага эксперта, такія краіны, як Беларусь і Украіна, могуць уратаваць сябе толькі праз міжнароднае права, якое часам і дае збоі. Альбо праз міжнародныя арганізацыі і абарончыя саюзы. 

Фота: profi-forex.org

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі