Ці існуе дэ-юрэ "чорны спіс" Саюзнай дзяржавы?
Які закон рэгулюе існаванне спіса, не ведаюць ні памежнікі, ні пастаянная камісія Саюзнай дзяржавы.
Украінскага народнага дэпутата Аляксандра Брыгінца не пусцілі ў Беларусь, бо ён знаходзіўся ў спісе асобаў, уезд якіх на тэрыторыю Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі непажаданы ці забаронены. Але ўкраінцу не паказалі ніякага дакумента, які б зацвярджаў гэты спіс.
Аляксандр Брыгінец: "І консул, і я запытвалі дакументы, на падставе якіх мяне не пусцілі на тэрыторыю Беларусі, канфіскавалі пашпарт, ізалявалі ў пакоі пад аховай, фактычна арыштавалі і не дазваляюць фатаграфаваць. Яны мне далі толькі дакумент, які тлумачыць, чаму нельга фатаграфаваць".
Пра тое, што ён знаходзіцца ў спісе непажаданых асобаў на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы, Брыгінец даведаўся ўжо па прылёце ў Кіеў, калі прачытаў ў інтэрнэце афіцыйную заяву беларускага Памежнага камітэта. Памежнікі таксама патлумачылі, што Брыгінца не дэпартавалі, а проста не пусцілі ў Беларусь.
Аляксандр Брыгінец: "Гэта няпраўда, бо мяне адправілі за кошт Беларусі. Квіток мне купіла Беларусь. Да самалёта мяне суправаджаў памежнік, пашпарт мне вярнулі толькі ў самалёце. Так што ўсе прыкметы дэпартацыі ёсць. Але ніякага дакумента мне не далі, толькі паставілі пячатку ў пашпарт. Ваш капітан сказаў, што не можа каментаваць прычыну адмовы, толькі сам факт забароны на ўезд. І гаворка вялася толькі пра ўезд у Беларусь".
Пра беларускі і расійскі спісы шмат чаго чулі. А што ж гэта за спіс непажаданых асобаў на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы?
Памежнікі тлумачаць Еўрарадыё, што яны спісам толькі карыстаюцца. Парадку ўнясення ў спіс не ведаюць.
“Гэта такі самы спіс, як у Беларусі, фактычна ён і з'яўляецца спісам Беларусі. Проста з улікам Саюзнай дзяржавы кампетэнтныя органы ўносяць у гэты спіс асобаў".
Першую згадку пра саюзны спіс Еўрарадыё адшукала ў навінах 2008 года, калі МУС збіраўся легалізаваць ужо наяўны спіс:
"У Мінску на паседжанні міждзяржаўнай беларуска-расійскай групы па міграцыйнай палітыцы была абмеркаваная неабходнасць прававой рэгламентацыі спіса", — паведамляла Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі.
А далей паведамлялася пра тое, колькі людзей у гэтым спісе (спісе, прававую рэгламентацыю якога толькі абмяркоўваць):
"У цяперашні час (2008 год) агульны спіс замежнікаў і асобаў без грамадзянства, уезд якіх забаронены ці непажаданы на тэрыторыі Беларусі і Расіі, складае 250 тысяч. Акрамя таго, у кожнай краіны ёсць "свой спіс неўязных", — піша Інтэрфакс.
Але, як даведалася Еўрарадыё, ніякіх пагадненняў, якія б рэгламентавалі спіс, да гэтага часу не прынята! Сярод міжурадавых пагадненняў няма дакумента пра спісы неўязных. Еўрарадыё ўвогуле не адшукала ніякіх згадак пра спіс непажаданых асобаў на тэрыторыі Саюзнай дзяржавы ў беларускай заканадаўчай базе. Не ведаюць пра саюзны спіс і ў Пастаяннай камісіі Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі ў Маскве:
"Можа быць, ёсць недзе ў ведамствах, якія на мяжы стаяць. Такога, каб мы ў рамках Саюзнай дзяржавы прымалі нейкія спісы, няма".
Як патлумачыла сітуацыю крыніца Еўрарадыё, дагэтуль нарматыўнай базы пад спіс не створана. Па ідэі, чалавека, якому забаронены ўезд у Расію, мусяць пусціць у Беларусь. Але ў нас ёсць дамова аб саюзнай дзяржаве, дзе прапісаная мэта: сумеснае захаванне бяспекі. Акрамя гэтага, у нарматыўнай базе няма ніякіх пагадненняў. То бок дэ-юрэ гэта не замацавана. Ёсць проста агульная база дадзеных. Яе існаванне можа рэгулявацца міжведамственнымі актамі, напрыклад, паміж ФСБ і КДБ, але іх няма ў адкрытым доступе.