Ці можна атрымаць страхоўку за траўмы, атрыманыя на масавых пратэстах?

Мітынг у Мінску 16 жніўня / Еўрарадыё
Мітынг у Мінску 16 жніўня / Еўрарадыё

Беларускіх страхавальнікаў западозрылі ў тым, што яны "не з народам". Маўляў, страхавыя кампаніі спешна выключаюць траўмы, атрыманыя на пратэстах, з дамоваў добраахвотнага страхавання ад няшчасных выпадкаў.

"Цяпер у выпадку калі вас саб'юць АМАПам, то ўсе траўмы атрыманыя не лічацца страхавымі", — скардзяцца чытачы тэлеграм-канала "Эканоміка па-беларуску".

 

"Самі справакавалі"

Еўрарадыё вывучыла страхавыя правілы некаторых беларускіх кампаній. Аказалася, пункт аб "масавых беспарадках" з'явіўся ў дамовах задоўга да выбараў 2020 года. У страхавой кампаніі "Таск" нам расказалі, што не аплацілі б "збіццё АМАПам" яшчэ ў 2016 годзе.

Можно ли получить страховку за травмы, полученные на массовых протестах?
Мірны мітынг на праспекце Пераможцаў у Мінску 16 жніўня 2020 года / Еўрарадыё

— Чалавек, здзяйсняючы злачынства — напрыклад, спробу абрабаваць банк, — атрымаў раненне ад супрацоўнікаў міліцыі. Мы лічым, што гэта не зусім правільна — пакрываць шкоду ў выпадку наўмысных дзеянняў. Рашэнне прымаецца не на падставе высноў страхавальніка. Мы запытваем дакументы кампетэнтных органаў, у якіх дадзена ацэнка дзеянням чалавека, які атрымаў траўму, — расказалі Еўрарадыё ў кампаніі.

У правілах кампаніі, напрыклад, паказана, што не з'яўляюцца страхавымі выпадкамі "траўмы і калецтвы, атрыманыя ад неправамерных дзеянняў трэціх асоб, калі кампетэнтнымі органамі ўстаноўлена, што чалавек справакаваў" трэція асобы на гэтыя дзеянні.

У кампаніі ёсць прадстаўніцтвы ва ўсіх абласных цэнтрах, але ў мінскай дырэкцыі не памятаюць выпадкаў, калі беларусы ўступалі б у спрэчку са страхавальнікамі і адмаўляліся прымаць гэтыя правілы. Не спрачаліся кліенты і ў 2020-м.

 

"Алкаголікі тут?" — "Тут!"

У "Белдзяржстраху" правілы добраахвотнага страхавання ад траўмаў "Экспрэс" таксама былі прынятыя да апошняй выбарчай кампаніі — яшчэ ў 2018 годзе. У пераліку нестрахавых выпадкаў таксама асобна адзначаюцца траўмы, атрыманыя ў час масавых беспарадкаў, а таксама ў выніку "здзяйснення застрахаванай асобай наўмысных супрацьпраўных дзеянняў, прызнаных такімі органамі дазнання, папярэдняга следства, судом".

Акрамя ўдзельнікаў масавых беспарадкаў, не належыць страхавая выплата і тым, хто атрымаў траўмы ў стане алкагольнага або наркатычнага ап'янення, а таксама тым, хто кіраваў транспартным сродкам у стане ап'янення або без правоў.

Летам і восенню, каб збіць пратэставыя настроі, дзяржпрапаганда пачала прадстаўляць мітынгоўцаў маргіналамі. Так пра іх расказваў, напрыклад, Аляксандр Лукашэнка: "Абкураныя. П'яных шмат. З наркотыкамі. Жах". Тады на масавых шэсцях стала папулярнай жартоўная крычалка:

— Алкаголікі тут?

— Тут!

— Наркаманы тут?

— Тут!

— Прастытуткі?

— Таксама тут!

 

І гэтак далей.

Цяпер пратэстоўцы зноў трапілі ў адзін шэраг з наркаманамі і алкаголікамі. Гэта лёс!

 

А як у іншых краінах?

Масавыя беспарадкі амаль заўсёды абарочваюцца катастрофай для страхавальнікаў з усяго свету. Людзі, якія атрымалі траўмы "ў выніку здзяйснення незаконных дзеянняў", могуць атрымаць адмову ў выплаце страхоўкі і па-за Беларуссю. Але дамагчыся гэтага страхавым кампаніям значна складаней, чым у нас.

Можно ли получить страховку за травмы, полученные на массовых протестах?
Акцыя салідарнасці пасля забойства Джорджа Флойда ў ЗША / BBC

Сабрына Карлет, прафесар Цэнтра рэформаў медыцынскага страхавання Джорджтаўнскага ўніверсітэта, расказвае профільнаму амерыканскаму выданню KHN, што ў страхавальнікаў ёсць механізм, які дазваляе ім зрабіць пэўныя выпадкі нестрахавымі. Напрыклад, у полісе можа быць пазначана, што страхоўка не пакрывае расходаў на лячэнне траўмаў, атрыманых у выніку "пэўных небяспечных дзеянняў". Тыпу скачка з парашутам.

Але права грамадзяніна на мірны пратэст ніхто не аспрэчвае. А тое, што пратэст быў "нямірным" і "небяспечным", яшчэ трэба даказаць.

"Страхавальнікі могуць палічыць пратэст "незаконным бунтам" і адмовіць у медыцынскай страхоўцы, калі ён перарастае ў гвалт", — дадае Карлет. Але ёсць нюанс: выключэнне павінна быць часткай дамовы страхавання першапачаткова. Яго нельга "ўпісаць" у правілы пасля таго, як кліент кампаніі звярнуўся з пазовам.

Калі ў ЗША справа дойдзе да суда са страхавальнікамі, яна будзе прысвечана таму, што суддзя будзе ўнікаць у дэталі фармулёвак. Рашэнне будзе залежаць ад нюансаў: як паліцыя вызначала пратэст? У чым заключаўся ўдзел чалавека ў акцыі пратэсту? У чым розніца паміж "беспарадкамі" і "пратэстам"? Ці збіраўся трымальнік страхоўкі, які атрымаў траўму, удзельнічаць у акцыі пратэсту? Ці збіраўся ён браць удзел менавіта ў мірным пратэсце, які "выйшаў з-пад кантролю"?

У грамадзян Беларусі за апошнія месяцы назапасіўся багаты (і ў асноўным безвыніковы) досвед даказвання, што яны не ўдзельнічалі ў незаконных мерапрыемствах. Час ад часу гэтага не атрымліваецца зрабіць нават у журналістаў, якія асвятлялі пратэставыя акцыі. Але страхавальнікі — не першыя ў спісе тых, каму гэта трэба даказаць.

Але нават калі выплат на карысць пацярпелых пратэстоўцаў атрымалася пазбегнуць, страхавальнікам практычна заўсёды даводзіцца плаціць за "разбітыя вітрыны". Пратэст, у час якога адзіная вітрына разбітая міліцэйскай дубінкай, — гэта беларускае ноу-хау. У іншых краінах у час масавых пратэстаў часта церпяць крамы і аўтамабілі. Прадставіць гэта як нестрахавы выпадак вельмі цяжка.
 

Дык усё-ткі "з народам"?

Такім чынам, ва ўсім свеце страхавальнікам даводзіцца прыкладаць немалыя намаганні, каб пазбегнуць выплат на карысць пацярпелых пратэстоўцаў. Нават калі пратэсты былі далёка не такія мірныя, як пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. А беларускія страхавальнікі трактуюць як "наўмысную рызыку", а не як няшчасны выпадак нават траўмы ў час пратэстаў, на якіх чыя-небудзь маёмасць практычна не атрымлівае пашкоджанняў.

Памятаеце шматтысячныя маршы ў жніўні і ў верасні? Іх удзельнікі не разбілі ніводнай вітрыны. І тым не менш, калі б хто-небудзь з іх атрымаў траўму, абвінаваўчае рашэнне суда стала б падставай для прызнання выпадку нестрахавым. Хто тут "з народам", а хто не — вырашайце самі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі