Ці можна ўладкаваць дзіця ў садок у цэнтры горада?

Ці можна ўладкаваць дзіця ў садок у цэнтры горада?

Падчас "Вялікай размовы з прэзідэнтам" Аляксандр Лукашэнка закранае тэму перапоўненасці дзіцячых садкоў у новых раёнах Мінска кшталту Каменнай Горкі і свабодных месцаў у садках у цэнтры горада:


"Бяда атрымалася: у цэнтры вызваліліся дзіцячыя сады, у школах ёсць месцы, а там, дзе нараджаюць сёння, на акраінах, іх няма. Цэнтр апынуўся больш дарослым. Людзі нараджаюць менш ці не нараджаюць увогуле. І так атрымалася ў Мінску, што дзіця трэба везці з Каменнай Горкі ў цэнтр у дзіцячы садок, дзе з'явіліся месцы. Давялося нават прадаваць дзіцячыя сады ў цэнтры пад офісы, а грошы перакідваць туды, каб там будаваць інфраструктуру".


Тэлефануем у садкі ў цэнтры сталіцы, каб праверыць інфармацыю.


"Вам трэба станавіцца ў чаргу ва ўпраўленні адукацыі. У якім садку будзе месца, у той вас і накіруюць. Але ў любым выпадку вам прадаставяць дзіцячы садок", — кажуць у адной з дзіцячых устаноўваў у раёне плошчы Бангалор.


У садку на Залатой Горцы прама цяпер месцаў няма, але, абяцаюць на тым канцы проваду, у верасні месца для дзіцяці будзе абавязкова, галоўнае ― прама цяпер бегчы ва ўпраўленне адукацыі і стаць у чаргу. Прапіска ў іншым раёне ролі не грае:


"У нас шмат дзяцей з розных канцоў горада, чые бацькі працуюць побач. Заўсёды пазіцыянавалася, што прапіска для дзіцяці не істотная". 


"Ва ўсім раёне месцаў няма адназначна, — расчароўваюць у садку на Чарвякова. — Але, магчыма, калі вы паходзіце па садках і даведаецеся асабіста ў загадчыц, можа, нехта вас возьме. Але апроч гэтага, трэба стаяць на чарзе ў выканкаме любога раёна".


Праблема з дзіцячымі садкамі ў новых раёнах стаіць востра: садкі перапоўненыя. Да 2020 года, згодна з праграмай дзяржразвіцця сістэмы адукацыі, у Мінску мусіць з'явіцца 37 новых дзіцячых установаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі