Ці сапраўды беларускія баскетбалісткі рыхтуюцца да Еўра-2015 на маннай кашы

Наша слаўная жаночая зборная па баскетболе рыхтуецца да чэмпіянату Еўропы 2015. Спаборніцтвы важныя для алімпійскіх перспектываў. А заўзятары гадаюць, ці зможа нацыянальная каманда набраць форму найлепшых часоў, калі беларускі былі аднымі з наймацнейшых на планеце.

Аднак днямі выбухнула інфармацыя пра тое, што падчас збораў у Раўбічах наша цэнтравая Алена Леўчанка пайшла спаць галоднай пасля маннай кашы на вячэру. Як з такім рацыёнам падрыхтавацца да матчаў з найлепшымі?

“Здарыўся парадокс. У той жа дзень каманда напісала ліст падзякі мне ў “Кнігу скаргаў і прапановаў”, што харчаванне было класнае, а ў СМІ заяўляецца адваротнае”, — разводзіць рукамі Аляксандр Лукавой, дырэктар рэстарана, дзе падчас збораў у “Раўбічах” харчаваліся баскетбалісткі. 

Алена Леўчанка

Спецыяліст тлумачыць, што ежу для баскетбалістак замаўляе доктар каманды, а павары і афіцыянты зазвычай выконваюць усе патрабаванні. Апроч маннай кашы была “Морква па-хатняму”, халодныя закускі са шведскага стала. Цэнтравая зборнай Алена Леўчанка, паводле слоў Лукавога, заехала на зборы ў перадапошні дзень і акурат трапіла на вячэру. Як і звычайна, меню склалі паводле замовы. Тое, што Алена прыехала з дарогі галодная і яе рост два метры, на думку дырэктара рэстарана, не ўлічылі. А сама цэнтравая паела і, нічога не сказаўшы персаналу рэстарана аб малой порцыі, пайшла ў нумар.

“Напэўна, Алена проста сціпла прамаўчала. У адваротным выпадку ёй бы прынеслі дабаўку. Але складана прачытаць думкі чалавека. Ужо на наступны дзень ёй замаўлялі індывідуальныя порцыі, усё было нармальна. Але інтэрв’ю баскетбалістка дала акурат пасля той вячэры”, — кажа Лукавой.

Такую страву Алена Леўчанка называе "чэмпіёнскім сняданкам"

А такі абед Леўчанка згатавала пасля трэніроўкі 27-га сакавіка. Відавочна, што ўвечары ёй патрэбна больш каларыйная страва

У пятніцу 15-га траўня ў Літве нацыянальная зборная згуляла першы спарынг з літоўкамі. Спытацца, ці годныя былі ўмовы падрыхтоўкі, у галоўнага трэнера Анатоля Буяльскага не было як. Затое слухаўку зняла генменеджар зборнай Ірына Жылач, якая знаходзіцца разам з дзяўчатамі.

“Проста здарыўся казус. Гэта была адзіная вячэра, калі ў меню вырашылі ўнесці разнастайнасць. Мяса было менш, чым звычайна. Каманда была апытаная, ці хочаце, каб у меню нешта дадалі, але сказалі, што ўсё ў парадку. Спадзяёмся, што гульні перакрыюць рэзананс, які ўтварыўся ў сувязі з гэтай недарэчнасцю”, — тлумачыць сітуацыю Жылач.

На думку генменеджара, усе ўмовы, пра якія прасіла баскетбольная зборная, былі створаныя. У тым ліку вельмі рупіўся персанал у “Раўбічах”.

Пасля Літвы каманда пераязджае ў Латвію на чарговыя спарынгі. А доўгачаканы чэмпіянат Еўропы адбудзецца з 11 па 28 чэрвеня.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі