Ці закрыюць доступ да “1863x”, калі паўторна прызнаюць яго экстрэмісцкім

Ці закрыюць доступ да “1863x”, калі паўторна прызнаюць яго экстрэмісцкім

30 кастрычніка з сайта Міністэрства інфармацыі знікае “Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў”. Адбываецца гэта праз пару тыдняў пасля публікацыі Еўрарадыё Мінінфарм “распаўсюджвае” экстрэмісцкія матэрыялы… законна?”. Гаворка ў ёй вядзецца пра тое, што ў спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў сярод прадукцыі з выявамі фашысцкай сімволікі знаходзяцца неактыўныя спасылкі на розныя сайты, суполкі ў сацыяльных сетках ды відэа. Іх дастаткова скапіяваць, уставіць у камандны радок браўзера, і можна праглядаць забаронены кантэнт.

Праз некалькі гадзін пасля знікнення “спісу” з сайта Мінінфарма, ён з’яўляецца зноў. Спасылкі ў ім застаюцца і па-ранейшаму адкрываюцца. Прыбіралі яго, відаць, каб папоўніць. Напрыклад, анархісцкім сайтам “Прамень” і яго суполкамі ў сацыяльных сетках, якія прызналі экстрэмісцкімі ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска яшчэ 26 верасня.

“Заяўнікам па гэтай справе выступіў Камітэт дзяржаўнай бяспекі, — кажуць у канцылярыі суда. — Што тычыцца выканання, то для апавяшчэння быў накіраваны ліст у КДБ, а рашэнне для выканання было накіраванае ў Міністэрства інфармацыі”.

Пастанаўленне набыло моц 7 кастрычніка, але дагэтуль адкрыць суполкі ў сацыяльных сетках “Променя” — не пытанне, сайт таксама даступны. Дастаткова прапісаць перад назвай сайта https://. Дарэчы, адзін з апошніх, выстаўленых на ім матэрыялаў — “Сайт Промня заблакаваны на тэрыторыі Беларусі”!

Высветліць у Міністэрства інфармацыі, дзе забуксаваў працэс блакіроўкі “экстрэмісцкага сайта” так і не атрымліваецца. “Размаўляць з вамі няма пра што! Няма пра што!” — кажуць, відавочна пакрыўджаныя за папярэдні артыкул, супрацоўнікі Міністэрства.

Заява на прызнанне экстрэмісцкім сайта “1863x”, які стварыў Эдуард Пальчыс, больш вядомы па мянушцы Джон Сільвер, была накіраваная яшчэ ў чэрвені. Напрыканцы жніўня 9 артыкулаў атрымалі гэты статус, але дагэтуль усе яны знаходзяцца ў свабодным доступе. За гэты час хлопец паспеў адсядзець, перажыць суд, выйсці на волю і падаць апеляцыю на зняцце ярлыка “экстрэмісцкія” са сваіх матэрыялаў.

Эдуарду Пальчысу далі год і дзевяць месяцаў абмежавання свабоды без накіравання ў папраўчую ўстанову. Суд палічыў, што адзін з яго артыкулаў распальвае нацыянальную варожасць (ч.1 арт.130 КК), а яшчэ адну публікацыю, дзе Эдуард перапосціў фота баевікоў Данбаса, палічылі распаўсюджваннем парнаграфічных матэрыялаў (арт.343 КК). Усе гэтыя матэрыялы даступныя дагэтуль. А можа і добра, што сумнеўныя законы кампенсуюцца неабавязковасцю да выканання..!?

Што за спісы абмежаванага доступу і экстрэмісцкіх матэрыялаў?

У спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў на сайце Мінінфармацыі ўносяць матэрыялы, прызнаныя экстрэмісцкімі па рашэнні суда. Мінінфарм абавязаны публікаваць спіс з матэрыяламі, якія з’яўляюцца забароненымі. Існуе іншы спіс абмежаванага доступу для сайтаў, які фармуе Беларуская дзяржаўная інспекцыя электрасувязі. Гэта не тое самае, што спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Калі гэта не спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, то што?

Спіс БелДІЭ зачынены, да яго маюць доступ толькі правайдары. У ім толькі інтэрнэт-старонкі. У спісе Мінінфарма яшчэ і кнігі, фільмы, часопісы, суполкі ў сацыяльных сетках.

Экстрэмісцкі сайт можа быць у абодвух спісах?

У спіс абмежаванага доступу могуць быць унесеныя сайты са спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў. Такое рашэнне можа прыняць Мінінфармацыі. Экстрэмізм можа быць прычынай унясення ў спіс абмежаванага доступу і блакіроўкі старонкі, але гэта не абавязак. Правайдары абавязаныя блакіраваць сайты толькі са спіса абмежаванага доступу. Як правіла, сайты, унесеныя ў спіс экстрэмісцкіх, уносяцца ў спіс абмежаванага доступу і блакуюцца. Напрыклад, сайт pramen.io знаходзіцца ў абодвух спісах.

Матэрыялы, якія знаходзяцца толькі ў спісе на сайце Мінінфармацыі, не блакуюцца ў інтэрнэце?

У спісе на сайце Мінінфарма ёсць сайты, якія, як правіла, у двух спісах. Таксама там ёсць старонкі ў сацсетках Фэйсбук, ВК, Твітар і відэазапісы з сайта Youtube. Іх няма ў спісе абмежаванага доступу, таму яны не блакуюцца. Тэхнічна іх увогуле немагчыма заблакаваць.

Гэта як?

Справа ў тым, што ўсе гэтыя сайты маюць адрас https://vk.com/… і далей адрас суполкі. Інфармацыя з такіх сайтаў перадаецца ў зашыфраваным выглядзе. Гэта значыць, што ваш правайдар не можа бачыць усё, што знаходзіцца пасля значка "/", таму і заблакаваць гэта немагчыма, бо ніхто не ведае, у якія суполкі вы заходзіце на сайце https://vk.com. Можна заблакаваць толькі цалкам сайты https://vk.com, https://facebook.com, але гэта заўважаць усе карыстальнікі інтэрнэту ў Беларусі, бо ў іх перастануць працаваць Фэйсбук і ВК увогуле.

Нідзе не было такіх выпадкаў?

Нешта падобнае было ў Расіі, калі там па рашэнні суда патрабавалі выдаліць з Вікіпедыі артыкул, дзе нібыта расказваецца спосаб прыгатавання наркотыку. Вікіпедыя працуе па пратаколе https, таму заблакаванай на некаторы час аказалася уся Вікіпедыя ў Расіі. Аднак праз дзень пасля блакіроўкі Раскамнагляд адмяніў сваё рашэнне. Такім чынам, можна патрабаваць ад уладальнікаў сайтаў выдаліць забароненыя ў Беларусі суполкі. Але ў таго ж Фэйсбука гэта складаная працэдура, і яны вельмі рэдка пагаджаюцца зрабіць блакіроўку.

Навошта тады ўвогуле рабіць спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, калі яны ў свабодным доступе?

Справа ў тым, што калі распаўсюдзіць старонку ці відэа, якое прызнана экстрэмісцкім, наступае адказнасць па частцы 2 артыкула 17.11 Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях — гэта штраф ад 10 да 50 базавых.

Калі я распаўсюдзіў матэрыял да таго як яго унеслі ў спіс, то адказнасці няма?

Ёсць. Толькі па першай частцы артыкула 17.11 — штраф да 20 базавых.

Як увогуле можна заблакаваць доступ да сайта?

Можна заблакаваць IP-адрас, які мае кожны сайт. Ён выглядае вось так: 82.94.249.234, у выпадку такой блакіроўкі вы не зможаце адкрыць сайт, які знаходзіцца па адрасе 82.94.249.234. Але на тым самым IP могуць знаходзіцца іншыя сайты, не забароненыя, і яны таксама не будуць адкрывацца. Таму гэтым спосабам правайдары найменш карыстаюцца. Абысці такую блакіроўку можна толькі праз VPN, Tor-браўзер і браўзер Опера ў рэжыме турба ці з уключаным унутраным VPN.

Можна блакіраваць сайт па DNS. Як мы пісалі вышэй, кожны сайт мае свой лічбавы адрас, а таксама даменнае імя. Каб супаставіць даменнае імя з лічбавым адрасам, існуюць DNS-серверы. Гэта працуе так: вы набіраеце ў браўзеры www.site.com, ваш камп'ютар пытаецца ў DNS-сервера інтэрнэт-правайдара, дзе знаходзіцца сайт www.site.com, DNS-сервер адказвае: па адрасе 82.94.249.234, і сайт адкрываецца ў браўзеры. Калі выдаліць запіс пра сайт з DNS-сервера, то адказу не будзе, і сайт не адкрыецца. Такую блакіроўку можна абысці, карыстаючыся іншым DNS-серверам, напрыклад, Google. Ён будзе адказваць заўсёды. Але некаторыя беларускія правайдары пайшлі на хітрасць: закрылі карыстальніку 53 порт, праз які ідуць запыты да DNS-сервераў, і прапускалі запыты толькі на ўласны сервер. У такім выпадку абысці блакіроўку можна толькі праз спосаб, апісаны вышэй. Але гэта, відаць, выклікала скаргі, і з’явілася блакіроўка трэцім спосабам.

Сайт можна блакаваць па даменным імені — www.site.com, такім чынам правайдар бачыць што вы ідзяце на сайт, DNS-сервер адказвае, але інфармацыя з сайта блакуецца, і замест яго ў браўзеры адкрываецца папярэджанне, што сайт заблакаваны. Такое кожны можа зрабіць нават у наладках уласнага мадэма, напрыклад, каб закрыць доступ дзецям на некаторыя рэсурсы. Абысці такую блакіроўку таксама можна толькі праз VPN, бо ў гэтым выпадку ваш правайдар не бачыць, на якія сайты вы заходзіце. Для яго вы абменьваецеся трафікам з нейкім камп’ютарам, і гэты трафік зашыфраваны.

Можна забараніць VPN?

Можна яго заблакаваць, як і адрас сайта. Але VPN вельмі шмат, з’яўляюцца новыя, і заблакаваць кожны з іх складана. Але тэарэтычна можна заблакаваць асобныя папулярныя VPN.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі