Ці здолее Статкевіч з-за кратаў аб’яднаць раз’яднаную апазіцыю?
Дэмсілы вырашаюць, як будуць фармаваць ініцыятыўныя групы кандыдата ў прэзідэнты Статкевіча, але без удзелу левых, якія не бачаць у гэтым сэнсу
Пасля няўдалай спробы вызначыць, хто ж будзе адзіным кандыдатам на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года, апазіцыя знайшла іншую тэму для спробы аб’яднацца — вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты палітвязня Міколы Статкевіча. Чаму не? Палітык знаходзіцца за кратамі і рэальна браць удзел у выбарчай кампаніі не можа, але сумеснае вылучэнне яго кандыдатам дае магчымасць і салідарнасць з калегам праявіць, і выбаршчыкам прадэманстраваць сваю здольнасць да адзінства. Хоць у нечым. А вось што з гэтага атрымаецца — пытанне іншае.
Першым ідэю вылучэння кандыдатам на выбарах Міколы Статкевіча агучыў яшчэ ўлетку лідар “Гавары праўду” Уладзімір Някляеў. Прапанова падтрымкі ў калег з клуба “па абранні адзінага кандыдата ад дэмсіл” не знайшла. Але калі перамовы па адзіным са скандалам прыпыніліся, да ідэі “Статкевіча ў кандыдаты” нечакана звяртаецца старшыня АГП Анатоль Лябедзька. “Гэтая ідэя лунала ў паветры”, — адмахваецца ён ад усіх абвінавачванняў у плагіяце. І сарамліва прапануе сябе на ролю “дублёра” — старшыня з ЦВК Лідзія Ярмошына ў размове з Еўрарадыё загадзя папярэдзіла, што ініцыятыўная група Міколы Статкевіча зарэгістраваная не будзе.
Толькі Анатоля Лябедзьку гэта не спыняе, і ён горача заклікае ўсе апазіцыйныя структуры далучыцца да фармавання ініцыятыўнай групы па вылучэнні Статкевіча. Тут трэба адзначыць, што сам зняволены палітык згоду на гэта дае. І ў выніку 21 студзеня дэмакраты сабраліся, каб абмеркаваць свае дзеянні “па Статкевічу”.
На сустрэчы, па словах старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, прысутнічалі прадстаўнікі большасці дэмакратычных сіл Беларусі, за выключэннем партыі левых “Справядлівы свет”: яе лідар Сяргей Калякін на сустрэчу не прыйшоў і нікога са сваіх прадстаўнікоў не накіраваў.
Аляксей Янукевіч: “Прысутнічалі ўсе, за выключэннем Сяргея Калякіна і яго прадстаўніка. Былі таксама прадстаўнікі партыі Статкевіча і жонка спадара Міколы Марына Адамовіч. Усе прысутныя пагадзіліся, што зацікаўленыя ў фармаванні ініцыятыўнай групы Міколы Статкевіча. Усе пагадзіліся, што для таго, каб такую ініцыятыўную групу ствараць, трэба, каб быў нейкі адзіны план і адзіны цэнтр. І што рашэнне пра тое, хто будзе кіраўніком гэтай ініцыятыўнай групы і хто будзе гэтую працу каардынаваць, таксама трэба прымаць супольна. Таксама высветлілі, што ёсць тры розныя падыходы да фармавання ініцыятыўных груп”.
Але па вялікім рахунку, “стратэгічныя лініі” вымалёўваюцца дзве: зрабіць Статкевіча адзіным, а калі яго ініцыятыўную групу не зарэгіструюць — байкатаваць выбары, ці усё тое ж самае, але пасля нерэгістрацыі працягваць удзел у выбарах. Якой колькасцю дэмакратычных кандыдатаў? А як карта ляжа! І, што цікава, ні ў адной з дзвюх “стратэгічных ліній” няма, па словах Янукевіча, пераважнай большасці прыхільнікаў
Аляксей Янукевіч: “Ёсць адзін ці два выразныя галасы ў падтрымку кожнага з варыянтаў. А рэшта займае нейкія прамежкавыя пазіцыі альбо не мае яшчэ вызначанай пазіцыі і мусіць абмеркаваць гэта ў структурах”.
За якую з ліній выступае сам Аляксей Янукевіч і Партыя БНФ, суразмоўца Еўрарадыё не прызнаецца. У адрозненне ад лідара кампаніі “Гавары праўду” Уладзіміра Някляева. Ён за Статкевіча — адзінага кандыдата. І, кажа, неабавязкова вынікам гэтага рашэння пасля нерэгістрацыі адпаведнай ініцыятыўнай групы мусіць быць байкот.
Уладзімір Някляеў: “Я не сказаў бы, што вынікам гэтага можа быць толькі байкот. Вынікам гэтага можа быць і вызваленне Міколы Статкевіча”…
А як далей сітуацыя будзе развівацца, сёння “заганяцца” не трэба, упэўнівае Някляеў і не трэба звяртаць на пагрозы Лідзіі Ярмошынай наконт нерэгістрацыі: маўляў, трэба рабіць тое, што вырашылі, і ўсё можа атрымацца. Ці не атрымацца. Але чаму не паспрабаваць?
Праўда, без лыжкі дзёгцю ў бочцы аб’яднаўчага мёду, як звычайна, не абыходзіцца. Удзельнічаць у агульным вылучэнні Статкевіча адмаўляюцца левыя з партыі “Справядлівы свет”. Бо сэнсу ў гэтым не бачаць, прызнаецца генсек партыі Сяргей Калякін.
Сяргей Калякін: “Бо на стадыі рэгістрацыі ініцыятыўнай групы гэта ўсё і закончыцца. І ніякай палітычнай кампаніі тут проста быць не можа. І таму, не бачачы перспектывы і рэальнасці гэтага, мы не збіраемся траціць час на абмеркаванне гэтага пытання”.
І выдае сакральную фразу: “Падазраю, што гэта ўсё будзе доўга абмяркоўвацца, а на выхадзе будзе нулявы вынік”.
Жонка Міколы Стакевіча Марына Адамовіч на сустрэчы лідараў апазіцыі таксама прысутнічала. Але дзяліцца ўражаннямі ад пачутага і пабачанага там адмаўляецца. Толькі прызнаецца: ёй абыякава, якую стратэгію абярэ апазіцыя — павядзе Статкевіча на выбары адзіным ці з “дублёрам”. Галоўнае, каб дэмакраты нарэшце прадэманстравалі “адзінства падыходаў грамадству”. І не бярэцца прагназаваць, ці атрымаецца гэта ў іх.
Фота: Змітра Лукашука, www.racyja.com