Ці з'явяцца ў пашпартах штампы на беларускай мове?
Віталь прыходзіць у пашпартны стол, каб зарэгістравацца па новым адрасе, і просіць "абазначыць" новае месца прапіскі штампам на беларускай мове. Адмаўляюць: маўляў, такіх штампаў проста не існуе.
"Адзінае, прапаноўваюць інфармацыю ў штамп упісаць па-беларуску", — дадае Віталь.
Летам 2016 года ў падобную сітуацыю трапляе грамадскі дзеяч Глеб Лабадзенка, калі робіць пашпарты сваім дзецям. Гісторыя ўвогуле выглядае камічнай, бо яго заяву на адной з дзяржаўных моваў перакрэсліваюць і патрабуюць запоўніць па-руску. У выніку шэрагу зваротаў просьба ўпартага Лабадзенкі ўсё ж была выкананая.
"Ёсць нейкая папера (закон, дэкрэт, пастанова), якой яны кіруюцца, — кажа Глеб Лабадзенка. — У гэтай паперы паказаны ўзор штампа ў пашпарце. І вось гэты ўзор там паказаны толькі па-руску. Адпаведна, яны спасылаюцца на тое, што ад гэтага ўзору адступаць нельга".
Але, усміхаецца Глеб, супрацоўніцы пашпартнага стала з нейкай шуфляды дасталі і паставілі ў яго дакумент... беларускамоўны штамп аб рэгістрацыі шлюбу. Яны ўсё ж існуюць!?
"Яны казалі, што ўсе штампы былі беларускамоўныя, і навошта іх памянялі, незразумела, бо ніхто не абураўся, — працягвае Глеб. — Кажуць: "Гэта вы рогам упёрліся. А звычайна мы кажам, што такіх штампаў няма, і людзі супакойваюцца". Але я і сам ведаю чалавек дзесяць, якія ў пісалі ў тым ліку пісьмовыя звароты, каб у іхніх пашпартах усе запісы былі па-беларуску".
Чаму беларусы не могуць разлічваць на беларускамоўныя штапмы ў пашпарце, мы запыталіся ў начальніка Дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксея Бегуна. Па яго словах, пячаткі на беларускай мове ніхто не замаўляе.
"Я ўпершыню чую, каб грамадзяне самастойна папрасілі паставіць штамп на беларускай мове. Іншыя запісы, якія ўносяцца праз інфармацыйныя рэсурсы, яны на абедзвюх дзяржаўных мовах. А вось наконт штампаў... Не гатовы сказаць, ці з'явяцца яны ў бліжэйшы час, але мы вывучым пытанне, калі да нас пісьмова звернуцца тыя, хто хоча мець такую пячатку", — абяцае Аляксей Юр'евіч.
Паводле Кастытуцыі і закона "Аб мовах", у Беларусі дзве дзяржаўныя мовы і ніхто не мае права ствараць перашкоды ў карыстанні імі. На думку абаронцы беларускай мовы Ігара Случака, нават наша моўнае заканадаўства не адпавядае Канстытуцыі.
"Большасць артыкулаў выкладзеныя так, што даюць магчымасць выбіраць, якую мову выкарыстоўваць. Праз гэта ў большасці выпадкаў чыноўнікамі выбіраецца руская мова, і грамадзянін не можа ніяк на гэта паўплываць, бо не мае рычагоў".
Цікава, што з чыноўніцкім "самавольствам" спрабуе змагацца Канстытуцыйны суд. У яго штогадовых пасланнях падкрэсліваецца, што "заканадаўчыя акты, якія закранаюць правы і свабоды грамадзян, "мэтазгодна выдаваць і на беларускай, і на рускай мовах у адпаведнасці з палажэннямі арт.17 Канстытуцыі аб роўнасці дзвюх дзяржаўных моў".
"Тое, што мы цяпер назіраем — гэта баі лакальнага значэння. Але патрэбныя рэальныя крокі да дзвюхмоўнасці. Калі ў 1995-м годзе мы абралі дзве мовы, то давайце іх развіваць аднолькава", — рэзюмуе Случак.
Дарэчы, каб пытанне пра беларускамоўня штампы усё ж было абмеркаванае, усім зацікаўленым трэба пісаць на сайт МУС.