Ціханоўскага могуць прызнаць вінаватым нават да суда над ім
Суды над паплечнікамі Сяргея Ціханоўскага нясуць пагрозу для суда над самім блогерам. Пра гэта піша TUT.by са словаў яго адвакаткі Наталлі Мацкевіч.
Суды над паплечнікамі Ціханоўскага праходзяць у Гродне і Лагойску. У абвінавачванні гаворыцца, што Уладзімір Няронскі, Дзмітрый Фурманаў, Уладзімір Кніга і Яўген Разнічэнка па змове з Ціханоўскім арганізавалі групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Аўтара Youtube-канала "Слуцк для жыцця" Няронскага судзяць у Лагойску. Трое падсудных у Гродне былі на пікеце 29 траўня, дзе затрымалі Ціханоўскага з паплечнікамі.
У спісе сведкаў самога Ціханоўскага няма, а суд у Лагойску адмовіўся дапытаць яго на пасяджэнні.
Адвакатка блогера звяртае ўвагу на тое, што ў абвінавачанні пазначана, што падсудныя дзейнічалі "ў групе з Ціханоўскім".
"Калі будзе вынесены абвінаваўчы прысуд, у якім будуць устаноўленыя факты і дадзеная юрыдычная ацэнка дзеянняў, у тым ліку Ціханоўскага, то ўзнікае прэюдыцыя (арт. 106 Крымінальна-працэсуальнага кодэксу). Гэта азначае, што па ўступленні прысуду ў законную сілу гэтыя факты і іх ацэнка ўжо лічацца усталяванымі, а высновы суда — абавязковымі для органа, які вядзе крымінальны працэс, і суда па іншай крымінальнай справе. Значыць, аспрэчыць іх у працэсе па справе Ціханоўскага будзе практычна немагчыма. У такім выпадку абарона супраць гэтых фактаў і іх юрыдычнай ацэнкі фактычна губляе сэнс (гаворка ідзе пра абвінавачванне па арт. 342 КК — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Такім чынам, у дадзенай частцы абвінавачвання падрываецца права Сяргея на абарону і права быць судзімым у сваёй прысутнасці, што з'яўляецца парушэннем стандартаў справядлівага разбору", — кажа Мацкевіч.
У адпаведнасці з законам, суд абавязаны без праверкі прымаць факты, якія ўстанавіў прысуд па іншай справе, у якой удзельнічаюць тыя самыя асобы. Гэта і ёсць прэюдыцыя.
Сяргея Ціханоўскага затрымалі 29 траўня на перадвыбарчым пікеце ў Гродне. Спярша яго абвінавацілі ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (ч. 1 арт. 342 КК). Потым дадаліся абвінавачванні ў перашкодзе працы ЦВК (арт. 191 КК) ды распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або розні, здзейсненае групай асоб альбо якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека альбо іншыя цяжкія наступствы (ч. 3 арт. 130 КК).
Пазней Следчы камітэт паведамляў, быццам на Ціханоўскага пачалі яшчэ і крымінальную справу за наўмысныя дзеянні, накіраваныя на ўзбуджэнне іншай сацыяльнай варожасці, заклікі да здзяйснення гвалтоўна-агрэсіўных дзеянняў у адносінах да супрацоўнікаў праваахоўных органаў (ч. 3 арт. 130 КК). Якое абвінавачанне ўрэшце выставілі блогеру, невядома: адвакаты знаходзяцца пад падпіскай аб неразгалошванні, на сайце СК падрабязнасцяў няма.
Па "справе Ціханоўскага" праходзіць каля 20 чалавек — гэта блогеры, актывісты, палітыкі, чальцы каманды "Краіна для жыцця".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.