Ціханоўская заклікала Грузію спыніць супрацу з беларускім КДБ

Ціханоўская заклікала Грузію спыніць супрацу з беларускім КДБ

Святлана Ціханоўская накіравала ў МЗС Грузіі ліст з заклікам спыніць супрацу з КДБ Беларусі, паведамляе яе прэс-служба.

Пра пагадненне аб супрацы, падпісанае паміж КДБ і Службай бяспекі Грузіі, стала вядома днямі. Гэтая навіна выклікала вялікі розгалас. Урэшце грузінская Служба бяспекі нават выпусціла асобны каментар, у якім патлумачыла, што пагадненне было падпісанае ў 2016 годзе, а не цяпер. Гэты дакумент, маўляў, не абавязвае бакі рабіць дзеянні, якія супярэчаць іх дзяржаўным інтарэсам. Сам розгалас грузінскія спецслужбы назвалі кампаніяй па дыскрэдытацыі іх сілавых структур. 

Ціханоўская даслала ў МЗС Грузіі афіцыйны ліст з заклікам выпрацаваць "выразна выказаную пазіцыю аб недапушчальнасці выкарыстання гэтага пагаднення для выдачы інфармацыі аб беларускіх грамадзянах і іншым супрацоўніцтве, якое можа негатыўна адбіцца на мірных грамадзянах Беларусі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Грузіі".

Таксама Ціханоўская настойвае на абароне беларусаў, якія выехалі ў Грузію, ад прымусовай высылкі на радзіму. Яна тлумачыць, што беларускі рэжым спасылаецца на антытэрарыстычнае заканадаўства для пераследу палітычных апанентаў. "Таму толькі поўнае спыненне дзеяння названага пагадненне альбо публічная заява аб замарозцы супрацоўніцтва будзе не толькі гарантаваць бяспеку беларускіх грамадзян у Грузіі, але і цалкам адпавядае нацыянальным інтарэсам Грузіі ў сапраўдны момант", — гаворыцца ў заяве.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі