Ціхану і Дзевятоўскаму НАК вярнуў тое, што ціхенька забраў

Беларускія кідальнікі молата здолелі вярнуць свае алімпійскія медалі, але пакуль не ведаюць, як аддаць узятыя на судовыя выдаткі крэдыты. У чацвер у спарткомплексе “Алімпійскі” чыноўнікі Нацыянальнага алімпійскага камітэта ўшанавалі пераможцаў Алімпіяды-1960 у Рыме і Алімпіяды-1980 у Маскве. Нагодай сталі юбілейныя даты іх правядзення: ад рымскай мінула 50 гадоў, а ад Маскоўскай  — 30. Беларусам, якія заваявалі на тых спартовых спаборніцтвах медалі, уручылі памятныя знакі, граматы і падарункі.

Шмат прыемных слоў сказалі цяпер ужо былым спартсменам і памочнік прэзідэнта па пытаннях спорту Ігар Заічкоў, і першы віцэ-прэзідэнт НАК Генадзь Аляксеенка, і яго намеснік Сяргей Цяцерын. Спартсмены дзякавалі за тое, што пра іх не забываюцца.

Але ўсе чакалі галоўнай падзеі — вяртання алімпійскіх медалёў кідальнікам молата Вадзіму Дзевятоўскаму і Івану Ціхану. Два гады таму яны сталі прызёрамі Алімпіяды ў Пекіне, але дысцыплінарная камісія Міжнароднага алімпійскага камітэта абвінаваціла іх ва ўжыванні допінгу і пазбавіла ўзнагарод. Адначасова страцілі яны і прэміяльныя за перамогу.

Тое, што чыноўнікі МАК і допінг-лабараторыя памыліліся с высновамі і неабгрунтавана адабралі ў іх алімпійскія медалі, Ціхан і Дзевятоўскі даказалі ў Арбітражным судзе. А вось прызёр Алімпіяды-1980 Леанід Тараненка, рыхтуючы аўдыторыю да ўрачыстага вяртання медалёў, заявіў, што вінаватыя ў канфлікце былі “апазіцыянеры з МАК”. А за тое, што ўзнагароды вярнулі, заклікаў дзякаваць беларускаму адзінству.

Леанід Тараненка: “Тыя два нашыя прыгажуны, якія перамаглі, можна сказаць, апазіцыю Алімпійскага камітэта, настроеную на допінг-пераслед, — гэта гонар і хвала нашаму адзінству, нашай федэрацыі, якая змагалася, усім нашым людзям, якія сачылі за гэтым допінгавым скандалам”.

У адрозненне ад Тараненкі, першы віцэ-прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Генадзь Аляксеенка выдатна разумеў, што перамога ў Арбітражным судзе — амаль цалкам заслуга саміх Ціхана і Дзевятоўскага. І далучаць НАК ці федэрацыю да чужых заслуг не стаў.

Генадзь Аляксеенка: “Тое, што ім даў спорт, што дала ім алімпійская сям’я, я думаю, што гэта дапамагло ім пераадолець усе тыя перашкоды і судовыя цяжбы, якія яны за гэтыя два гады прайшлі. Я дастаткова даўно ведаю гэтых хлопцаў, выдатныя адносіны ў нас, і зараз хацеў бы вярнуць ім тое, што мы ў іх у свой час ціхенька забралі. Гэта было няпроста: паведаміць ім, што паводле рашэння Міжнароднага алімпійскага камітэта іх медалі павінны быць вернутыя ў Нацыянальны алімпійскі камітэт да завяршэння разбіральніцтваў. Сёння, калі ўсё добрым чынам завяршылася, я вяртаю гэтыя ўзнагароды нашым атлетам”.

Пасля таго, як медалі нарэшце ізноў вярнуліся да спартсменаў, а ўсе неабходныя словы былі сказаныя, Вадзім Дзевятоўскі прызнаўся журналістам, што за гэтыя два гады змаганне з’ела ўсе перажыванні.

Вадзім Дзевятоўскі: “Барацьба з’ела ўсе перажыванні. Каб я паддаўся перажыванням — нічога не было б. Трэба было сканцэнтравацца і суткамі працаваць. Я думаю, што складана суддзям, якія першапачаткова схільныя Міжнароднаму камітэту верыць і схільныя верыць акрэдытаванай аўдыторыі. Увогуле нашая справа да такой ступені незвычайная і неардынарная, ёсць столькі нюансаў, якія былі ключавымі... Але мы рады, што суддзі паверылі нашым фактам без эмоцый. Міжнародны алімпійскі камітэт ціснуў сваім аўтарытэтам, але трое незалежных суддзяў паверылі нашым фактам”.

Нягледзячы на тое, што алімпійскія медалі вярнуліся да беларускіх спартсменаў, праблемы кідальнікаў молата на гэтым не скончыліся. Як вядома, на аплату судовых выдаткаў яны ўзялі крэдыт у банку пад заклад маёмасці. За два гады Ціхан з Дзевятоўскім патрацілі на барацьбу звыш 500 тысяч долараў. Зараз гэтыя грошы неабходна вяртаць.

Карэспандэнт Еўрарадыё пацікавіўся ў Вадзіма Дзевятоўскага, ці будуць ім кампенсаваныя гэтыя выдаткі.

Вадзім Дзевятоўскі: “Дзяржава абяцае вярнуць прызавыя, але іх наўрад ці хопіць, каб кампенсаваць усё. Калі не — будзем з Іванам самі вяртаць”.

Праўда, Вадзім не выключае таго, што яны распачнуць яшчэ адну справу — аб кампенсацыі судовых выдаткаў.

Фота: Змітра Лукашука


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі