Ціманоўская расказала, як судзілася з рэжымнай падпісанткай за задніцу
Крысціна Ціманоўская
Перад Алімпійскімі гульнямі ў Токіа бягуха Крысціна Ціманоўская трапіла ў суд. Пра гэта яна расказала ў інтэрв'ю сайту sports.ru.
У суд на бягуху падала лёгкаатлетка Анастасія Мірончык-Іванова, бронзавая прызёрка чэмпіянату свету 2011 года па скачках у даўжыню. Пазней Мірончык-Іванова падпісала ліст спартоўцаў у падтрымку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.
Канфлікт паміж ёй і Ціманоўскай узнік у 2020 годзе падчас пандэміі кавіду. У залу, дзе Ціманоўская працавала з кліентам, прыйшла здымачная група з Мірончык-Івановай. Кліент зрабіў заўвагу, што ўсе яны без масак. Гэта не спадабалася Мірончык-Івановай, якая абвінаваціла ва ўсім Ціманоўскую.
"Увогуле, яна напісала ў сацсетках, што была на здымках і я ёй пазайздросціла — кшталту, яе здымаюць, а мяне не. Гэта быў якраз той перыяд, калі яна рэгулярна па начах пасціла сваё аголенае цела. Так што адказала ёй, што для таго, каб быць папулярнай, мне хаця б не трэба выстаўляць сваю голую задніцу ў інтэрнэт. І яна падала на мяне ў суд!" — расказвае бягуха.
Па словах Ціманоўскай, суддзя на пасяджэнні смяялася, чытаючы заяву: "Яна напісала, што я выстаўляю ў інтэрнэце задніцу. А ў мяне не задніца, а ягадзічная цягліца!"
Канфлікт развязалі "палюбоўна", кажа Ціманоўская. Абедзвюх спартовак выклікалі да міністра спорту і запатрабавалі разабрацца. Пакрыўджаная Мірончык-Іванова запатрабавала кампенсацыю ў 250 долараў. "У выніку гэтыя грошы мне дала федэрацыя, а я перадала ёй", — кажа Ціманоўская.
На Алімпіядзе ў Токіа ў 2021 годзе Крысціна Ціманоўская адмовілася бегчы не сваю дыстанцыю, за што кіраўніцтва беларускай дэлегацыі вырашыла адправіць яе дадому. Аднак спартоўка звярнулася па дапамогу да японскіх уладаў і ўрэшце вылецела ў Варшаву. Цяпер яна атрымала польскае грамадзянства і выступае за Польшчу.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.