"Цуд на Каляды": у Брэсце цалкам запрацавала начное асвятленне вуліц
У Брэсце цалкам запрацавала начное асвятленне вуліц. Адпаведнае рашэнне 23 снежня прыняў гарвыканкам.
Як паведамляла Еўрарадыё, з 17 лістапада ў Брэсце па начах пачалі адключаць ліхтары на гарадскіх вуліцах. Зроблена гэта было на загад кіраўніцтва гораду "ў мэтах аптымізацыі расходу энергетычных рэсурсаў і эканоміі бюджэтных сродкаў".
У першыя дзве “эканомныя” ночы святло адключалася апоўначы. Пазней вулічнае асвятленне працавала даўжэй ― да першай гадзіны. Выключэннямі былі выхадныя дні. Поўны пераход на рэжым дзяжурнага асвятлення адбыўся 30 лістапада.
І вось больш чым праз месяц эканоміі святло цалкам вярнулася на вуліцы начнога Брэста. Днямі гарвыканкам пастанавіў прызнаць неправамоцным сваё рашэнне ад 16 лістапада "ў сувязі з правядзеннем навагодніх і калядных святаў".
Фота: ria.ru