"Цяпер мы называемся Meta" — кампаніі Facebook больш няма
Марк Цукерберг / Reuters
Амерыканская кампанія Facebook змяніла назву. "Цяпер мы называемся Meta", — заявіў на прэс-канферэнцыі заснавальнік кампаніі Марк Цукерберг. І тут жа ўдакладніў, што нягледзячы на змену назвы, "місія застаецца ранейшай — аб'ядноўваць людзей".
Цукерберг нагадаў, што "мета" сыходзіць ад грэцкага словы "пасля". Новая назва павінна паказаць, што ў кампаніі заўсёды ёсць прастора для развіцця. Лагатыпам новай кампаніі стаў знак бясконцасці, выкананы ў сінім колеры.
Пры гэтым назвы дадаткаў кампаніі застануцца ранейшымі. Такім чынам з гэтага часу Facebook — гэта толькі сацыяльная сетка.
Па словах Цукерберга, пакуль усе дадаткі і брэнды, а гэта, акрамя сацсеткі, фотасэрвіс Instagram і месенджар WhatsApp, застануцца ранейшымі, аднак "з цягам часу карыстальнікам не патрэбны будзе Facebook (сацсетка — Еўрарадыё), каб выкарыстоўваць іншыя прадукты".
Навіна аб перайменаванні Facebook была сустрэта даволі пазітыўна. Акцыі кампаніі на Нью-Йоркскай фондавай біржы за дзень выраслі на 1,51% (плюс $4,70). Прычым адразу пасля абвяшчэння аб змене назвы раслі больш чым на 3%, распавядае агенцтва ТАСС.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.