Даходы сем'яў у сельскай мясцовасці на 16% ніжэйшыя, чым у сярэднім па Беларусі
Грошы ў Беларусі
У другім квартале 2022 года на адну хатнюю гаспадарку ў Беларусі прыпала ў сярэднім 1,78 тысячы рублёў наяўных рэсурсаў. З гэтай сумы большую частку чакана складаюць грашовыя даходы. Тым не менш, каля 4% склалі даходы ў неграшовай форме. Гэта, напрыклад, кошт прадуктаў харчавання, вырабленых у асабістай гаспадарцы.
У гарадах і пасёлках гарадскога тыпу аб'ём наяўных рэсурсаў вышэйшы за сярэдні на 5%. Ён складае 1869 рублёў за месяц. Хатнія гаспадаркі ў сельскіх населеных пунктах маюць меншыя сродкі. Так, у другім квартале 2022 года сем'і ў сельскай мясцовасці жылі на 1501,5 рубля за месяц, што на 16% ніжэй, чым у сярэднім па краіне, падлічылі "Нашы грошы".
За апошні квартал наяўныя рэсурсы ў разліку на адну дворагаспадарку выраслі ў сярэднім на 7,7%. Прычым рост для вёскі аказаўся вышэй, чым для горада — 8% супраць 7,7%. Гэта можа тлумачыцца ростам намінальных заробкаў і сацыяльных трансфертаў, а таксама высокай прадуктовай інфляцыяй. Нагадаем, па выніках першага паўгоддзя цэны на харчовыя тавары выраслі ў гадавым выражэнні на 19,6%. У такіх умовах дапамога ў выглядзе ўласнага прысядзібнага ўчастка станоўча адбіваецца на рэсурсах хатніх гаспадарак.
У 2021 годзе сярэднестатыстычная хатняя гаспадарка ў Беларусі складалася з 2,2 чалавек.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.