Дактары дасталі манету са страўніка аднагадовай дзяўчынкі ў Гродне
Беларускія манеты / Еўрарадыё
У Гродзенскай абласной дзіцячай клінічнай лякарні дактары дасталі манету са страўніка аднагадовай дзяўчынкі. Дзіця праглынула яе каля месяца таму. Пра гэта на сайце медустановы распавядае эндаскапіст Дзмітрый Крывецкі.
Дзяўчынка паступіла ў прыёмнае аддзяленне лякарні 8 жніўня. Бацькі распавялі пра працяглы (больш за месяц) кашаль, слінацёк. Дзіця не магло глынаць цвёрдую ежу.
Дзяўчынку тэрмінова шпіталізавалі. На здымку стрававода і страўніка, дактары ўбачылі круглявы цень даўжынёй каля 1,5 см. Яны зразумелі, што туды патрапіла іншароднае цела. Далей правялі відэагастраскапію — і выявілі на ўзроўні верхняй траціны стрававода манету.
Слізістая абалонка вакол яе ўжо была значна пашкоджаная. Манету ўдалося захапіць шчыпцамі і выцягнуць.
Цяпер дзіця праходзіць лячэнне ў аддзяленні рэанімацыі. Ёсць надзея, што ўсё абыдзецца без далейшых ускладненняў і яго цалкам паправіцца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.