Дарафеева: За прафнепрыдатнасць буду выключаць з універсітэта!

120710 Luka6uk darafeeva.mp3

Еўрарадыё: Вядучая спявачка беларускай поп-сцэны, загадчыца кафедры — ці не зашмат для аднаго чалавека?


Ірына Дарафеева: Я маладая, поўная сіл, у самым росквіце — буду старацца. А час пакажа, наколькі я магу справіцца з усімі абавязкамі. Прынамсі, я раблю гэта з радасцю, ад чыстага сэрца. Я адчуваю, што ўжо магу аддаваць свае веды моладзі, і мне хочацца бачыць, як яны растуць.


Еўрарадыё: Узначаліць кафедру было вашым жаданнем ці вам прапанавалі?


Ірына Дарафеева: Гэта была дастаткова нечаканая прапанова ад рэктара ўніверсітэта. Увогуле, гэтую прапанову мне агучылі тры чалавекі: сам рэктар — Святлоў Барыс Уладзіміравіч, прарэктар і дэкан факультэта музычнага мастацтва — Бартноўскі Вячаслаў Віктаравіч, з якім мы даўно знаёмыя.


Еўрарадыё: Агучвалі кожны паасобку ці разам, каб вы дакладна не маглі адмовіцца?


Ірына Дарафеева: Разам. Так і атрымалася — не змагла адмовіць! У мяне бацькі таксама выкладчыкі: бацька ўзначальваў вучэльню культуры ў Магілёве, маці была выкладчыкам і вяла дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Думаю, павінен і ўва мне гэты талент у будучыні выявіцца.


Безумоўна, я папрасіла крыху часу на тое, каб падумаць. І, напэўна, галоўным аргументам за тое, каб пагадзіцца, было: “А хто, калі не я?!” Прынамсі, я магу паспрабаваць!


Еўрарадыё: А ў вас ёсць вопыт выкладчыцкай дзейнасці і наколькі вам падабаецца выкладаць?


Ірына Дарафеева: Я ўжо 7 гадоў выкладаю на кафедры эстраднага мастацтва. Скажу шчыра: шмат залежыць ад саміх студэнтаў. Калі яны таленавітыя, мэтанакіраваныя і працаздольныя, ты бачыш, як яны дасягаюць вынікаў у сваёй галіне, то радуешся. А калі студэнт сам не імкнецца нечаму навучыцца, то гэта засмучае. У мяне ўжо ёсць студэнты, якімі я магу ганарыцца. Шмат хто ўжо з’яўляецца лаўрэатам міжнародных конкурсаў.


Еўрарадыё: Каб падрыхтавацца да лекцыі, вы самі збіраеце ўсе неабходныя матэрыялы ці па дапамогу да калег звяртаецеся?


Ірына Дарафеева: Лекцый у звычайным разуменні ў нас няма і быць не можа. Тут трэба вучыць не словам, а справай. Хутчэй, індывідуальны падыход. Мяркую, сваім прыкладам, непасрэдна канцэртнай дзейнасцю я магу іх нечаму навучыць.


Еўрарадыё: Вы студэнтам спяваеце на лекцыях ці ставіце ім відэазапісы сваіх канцэртаў?


Ірына Дарафеева: Гэта маё ноў-хаў, і я не хачу іх раскрываць шырокай аўдыторыі. У кожнага педагога ёсць свае напрацоўкі. Я пра гэта размаўляю толькі са сваімі студэнтамі.


Еўрарадыё: Выкладчыцкая дзейнасць — гэта адно, а пасада загадчыка кафедрай — там жа і адміністратарская праца...


Ірына Дарафеева: У мяне будуць памочнікі на кафедры. Тая ж Ірына Аляксандраўна Смірнова, якая ўзначальвала кафедру ўсе гэтыя гады, — яна пагадзілася мне ва ўсім дапамагаць.


Еўрарадыё: Як вы ацэньваеце ўзровень выкладання на кафедры?


Ірына Дарафеева: Дастаткова высокі. На мой погляд, адсутнічае нейкая сістэмнасць. У сваёй назве наш універсітэт мае слова “Беларускі”. На жаль, выпускнікі нашай кафедры, за рэдкім выключэннем, не робяць унёсак у развіццё менавіта нацыянальнага эстраднага выканаўчага мастацтва. Мне падаецца, што гэта праблема навучальных планаў, якія патрабуюць карэктавання. Будзем над гэтым працаваць.


Еўрарадыё: Што вы маеце на ўвазе?


Ірына Дарафеева: Не спяваюць па-беларуску, не маюць багатага беларускага рэпертуару, стараюцца з’ехаць за мяжу. Вялікі зараз у нас акцэнт робіцца менавіта на замежнае выканаўчае мастацтва, а хочацца, каб кожны выканаўца быў самабытным. Галоўным прадметам у творчай ВНУ павінна быць “спецыяльнасць”. Студэнты абавязаныя аддаваць большую частку свайму прадмету. Адпаведна, вырастуць патрабаванні на іспытах і заліках на ўсіх курсах. Як кажуць: калі чалавек займаецца на гітары, то ён мусіць разумець, што ён 5-6 гадзін штодзень мусіць аддаваць свайму інструменту.


Еўрарадыё: Склад выкладчыкаў кафедры мяняць плануеце?


Ірына Дарафеева: Не, канешне, я нікога мяняць не збіраюся! Калі толькі — дадаць некалькі вядучых спецыялістаў у галіне эстраднага жанру. У якасці кандыдатур для выкладання ва ўніверсітэце. Але пакуль не буду агучваць імёны — пакуль з імі не пагавару.


Еўрарадыё: Можа плануеце запрасіць кагосьці з нашых эстрадных зорак?


Ірына Дарафеева: Гэта будуць спецыялісты ў галіне аранжыроўкі, камп’ютарнай музыкі, вядучыя музыкі, магчыма — хтосьці з выканаўцаў. Але ўсё — дзеячы культуры і мастацтва, якія працуюць зараз.


Еўрарадыё: Вы больш чалавек ліберальны ці жорсткі? Ці зможаце жорстка патрабаваць падчас іспытаў?


Ірына Дарафеева: Я паважаю талент, мэтанакіраванасць і працаздольнасць. Калі студэнты і выкладчыкі валодаюць гэтымі якасцямі, то нейкіх нечаканасцяў ад мяне ім чакаць не даводзіцца. Інакш трэба знайсці нейкую іншую галіну дзейнасці. Без гэтых якасцяў у нашай дзейнасці вельмі складана дабіцца нейкіх вынікаў.


Еўрарадыё: Можа, здольныя дзейнічаць як сапраўдны тыран, каб дасягнуць пастаўленай мэты?


Ірына Дарафеева: Я магу быць рэзкай, калі размова ідзе пра непрафесіяналізм. Чалавека можна... выдаляць, але толькі за прафнепрыдатнасць, калі ён не спраўляецца са сваімі штодзённымі абавязкамі. Калі ён музыкант па спецыяльнасці, але не валодае сваім інструментам, калі ён спявак, але ў яго чамусьці не гучаць ноты ці няма слыху. Усе апошнім часам мараць стаць артыстамі, ім падаецца, што гэта вельмі простая прафесія. Таму — толькі так!


У мяне былі выпадкі з маімі студэнтамі, якіх я проста пераводзіла на іншыя факультэты. Падчас навучання станавілася зразумелым, што чалавек не спраўляецца і яму неабходна выбраць для сябе іншую сферу дзейнасці. І шмат хто з іх мне за гэты ўдзячны, скажу шчыра. Яны па жыцці сталі маімі прыхільнікамі. Калі ў цябе не атрымліваецца спяваць, то ідзі лепш, да прыкладу, на бібліятэчны факультэт.


Еўрарадыё: За што вы здольны выгнаць студэнта з аўдыторыі?


Ірына Дарафеева: Калі студэнт, да прыкладу, прыйшоў непадрыхтаваны, я сама проста сыходжу з аўдыторыі і прымушаю чалавека доўга-доўга рэпетаваць. А праз гадзіну ці дзве я вяртаюся і хачу пабачыць вынік. Калі проста выганяеш, то ён можа ў наступны раз прыйсці такі ж. Хаця я такога не прабачаю.


Еўрарадыё: А выгнаць з універсітэта можаце?


Ірына Дарафеева: Такога ў маёй практыцы не было, але — толькі за прафнепрыдатнасць! Чалавек мусіць кожны дзень удасканальвацца і паказваць вынік сваёй працы.


Еўрарадыё: А на такое рашэнне можа паўплываць грамадзянская ці палітычная дзейнасць студэнта?


Ірына Дарафеева: Не, я ў гэта не ўнікаю. Лепш не ўдавацца ў падрабязнасці.


Еўрарадыё: Ці не лічыце вы, што пачынаць падрыхтоўку да "Еўрабачання" неабходна з навучання на вашай кафедры?


Ірына Дарафеева: Удзельнікі гэтага конкурсу не з’яўляюцца прыкладам высокага мастацтва. Часта аматары ці, як у выпадку з “Буранаўскімі бабкамі”, самадзейныя артысты трапляюць на першыя пазіцыі. Бо гэта проста тэлешоў, а не конкурс вакалістаў, якіх кафедра эстрады абавязаная рыхтаваць. Гэта шоў прадзюсараў, шоў бюджэтаў — тэлешоў, якое людзі могуць паглядзець і атрымаць пазітыўныя эмоцыі. Таму ў нас розныя фрыкі, клоўны і сексуальныя меншасці карыстаюцца попытам.


Еўрарадыё: Праца на кафедры не зашкодзіць вашай творчай кар’еры, канцэртам, штогадовым турам па палях краіны?

 
Ірына Дарафеева: Думаю, што не зашкодзіць і канцэртаў не стане менш. Проста стане менш майго ўласнага часу. Я дзеючая спявачка і гэта было адным з галоўных паказчыкаў, з-за чаго мяне запрасілі працаваць на кафедру ў якасці загадчыка.


Еўрарадыё: Ці ўсе вашы студэнты мараць патрапіць у вашу тэатр-студыю?


Ірына Дарафеева: У мяне ў студыі займаюцца абраныя. Наколькі гэта было іх марай — трэба пытацца ў іх. Але я з кожным годам адчуваю, як студэнты больш мне ўдзячныя.


Еўрарадыё: Не баіцеся зайздрасці калег пасля прызначэння? Абярэгі ад сурокаў насіць не плануеце?


Ірына Дарафеева: Зайздрасці не баюся. Думаю, усё будзе добра — мяне ўсе любяць!


Еўрарадыё: Калі чакаць новага альбома? Не думаеце нешта памяняць ў стылі — больш драйву даць, да прыкладу?


Ірына Дарафеева: Зусім нядаўна мы выпусцілі альбом “Палёт над Айкуменай”. Таму новая праца — у стадыі распрацоўкі, мы не спяшаемся. Я працягваю працаваць з вядомымі кампазітарамі, аранжыроўшчыкамі, шукаю новых спецыялістаў. Кожны дзень з кімсьці сустракаюся і спадзяюся, што з’явіцца новая цікавая музыка. Думаю і пра стыль, і пра драйв. А колькі ў будучым альбоме будзе беларускамоўных песень, то тут — як атрымаецца.

Фота з сайта Ірыны Дарафеевай

Змiцер Лукашук       /спецыяльны карэспандэнт Еўрарадыё/
Рубрыка спецкарэспандэнта Змітра Лукашука “Нязручныя пытанні”. У ёй мы задаем пытанні, якія цікавяць шмат каго тым людзям, якія мусяць даваць на іх кампетэнтныя адказы. Чакаем на вашыя прапановы на адрас [email protected] – як пытанняў, якія вас хвалююць, так і імёнаў людзей, адказы ад якіх на гэтыя пытанні вы хацелі б пачуць.
 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі