Давыдзька: Раззлаваныя юнцы абражалі Пуціна, Расію, а значыць, і Беларусь
Кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька працягвае каментаваць паводзіны беларускіх заўзятараў на футбольным матчы паміж зборнымі Беларусі і Украіны. Як паведамляла Еўрарадыё, чыноўнік назваў беларускіх фанатаў "юнымі нацыстамі" за іх салідарнасць з Украінай. Гэтыя выказванні выклікалі негатыўную рэакцыю сярод заўзятараў, і ў выніку Давыдзька нават збіраўся папрасіць прабачэння ў іх.
Давыдзька назваў беларускіх заўзятараў у Львове "юнымі нацыстамі"
Давыдзька: Трэба будзе прабачэння папрасіць у футбольных фанатаў
У суботнім нумары газеты "СБ — Беларусь сегодня" кіраўнік БТ зноў звярнуўся да гэтай тэмы. Ён прызнаў, што назваў футбольных фанатаў нацыстамі згарача і заявіў, што "сапраўдныя аматары футбола" не павінны прымаць на свой рахунак яго словы.
Разам з тым ён параўнаў супольны марш футбольных фанатаў Украіны і Беларусі праз Львоў з маршам футбольных фанатаў у Адэсе паўтара года таму. "Але тых раззлаваных юнцоў, якія публічна абражалі на львоўскіх вуліцах У.Пуціна, Расію, а, значыць, сваімі паводзінамі — і Беларусь, іх я назваць іншым словам не магу. Дый якія яны, наогул кажучы, "заўзятары", што звязвае іх з футболам? Адно толькі — пад маскай "фанатаў" ім трэба збіцца ў натоўп, пакуражыцца, даць волю інстынктам. Тым больш незразумелым для іх "палітычным" калі яны робяць невядома што", — адстойвае сваё ранейшае выказванне Давыдзька.
Сваю калонку ён завяршае словамі шкадавання: "Шкада, што натоўп крыклівых малалетак пагаршае імідж Беларусі і псуе настрой сапраўдным аматарам і самім спартоўцам".