Deep Purple: тая ж класіка, што і Бетховен (фота)

Гэтым разам "Мінск-Арэна" напаўнялася каларытнымі мужчынамі ўзросту 40 + з сябрамі ды сем'ямі. Іх куміраў Deep Purple даводзіцца чакаць пад дзіўны разагрэўны сэт гурта "У нескладовае", які змяняецца кантрольнай праверкай гатоўнасці абсталявання "пёплаў".


"Hallo! Hallo! Гэта фантастыка, што вы сёння тут", — вітае са сцэны публіку фронтмэн Ян Гілан і перадае эстафету гітарысту Стыву Морсу, які "рукамі дакранаецца да неба". Сам Гілан сыходзіць за сцэну: відавочна, што "голас" гурта адчувае сябе не лепшым чынам, пра гэта сведчыць і падтрымліваючы фіксатар на назе.


Песні новага альбома "Now What?!", як выйшаў у мінулым красавіку, і хіты гурта чаргуюцца з інструментальнымі кампазіцыямі, за якія адказныя ў асноўным Стыў Морс і клавішнік — "славуты цэнтр-форвард" Дон Эйры. Эйры выдае касмічныя хамандаўска-курцвайлаўскія палотны з "Турэцкім маршам" Моцарта. Не адстаюць ад калег Ян Пэйс, нязменны бубнач Deep Purple, і басіст Роджар Гловер. Гурт гучыць, як магутная машына, якая, праўда, імчыцца з максімальнай хуткасцю 90 — энергіі малавата.


"У вялікай ступені я іх бачу з прафесійнага пункту гледжання, — каментуе Еўрарадыё гітарыст брэсцкага гурта PIROUETTE Юра Карагода. — Першыя тры песні я глядзеў і думаў: "Гэта ж жывы Стыў Морс!" І увогуле, вельмі прыемна слухаць, як яны знянацку, з ніадкуль усе разам трапляюць у долю настолькі дакладна, што ты проста здзіўляешся! Ім жа практычна па 70! Пазітыўныя яны такія, душэўныя. Усміхаюцца. Я вельмі рад, што я іх застаў".


"Smoke оn the water" ды "Hush" спявае далёка не поўная зала "Мінск-Арэны". Затое як! Уражваюць тры дзяўчынкі, якія перакрычалі б усіх фанатак Каржа. Кажуць, Deep Purple іх навучылі слухаць бацькі.


"І тэксты, і музыка, яны, па-першае, з сэнсам, па-другое, у тут ёсць мелодыя і вельмі прыгожыя гармоніі, драйв — гэта ўсё чапляе. Такая музыка вечная", — перабіваюць адна адну Ганна і Кацярына.


Глядач Павел мяркуе, што музыку Deep Purple чакае такі ж лёс, як у музыкі Баха і Бетховена:


"Проста прайшло зусім не шмат часу з таго моманту, як яны пачалі граць. 40 гадоў — гэта не вялікі тэрмін у параўнанні з Бетховенам і Бахам. Я думаю, што калі пройдзе такі ж час, і 100, і 200 гадоў гэтая музыка будзе жыць. Моладзь жа іх слухае цяпер — а гэта дзякуючы бацькам — яны прывіваюць густ. Яны, у сваю чаргу, будуць прывіваць густ сваім дзецям. Таму гэтая музыка перажыве яшчэ не адно пакаленне".
 

Больш здымкаў з канцэрта Deep Purple "ВКонтакте" і ў Facebook.

 

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі