Дэфіцыт фонду сацабароны насельніцтва вырас у дзевяць разоў
У Фондзе сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) недахоп сродкаў складае пастаянна каля 10%. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў на нарадзе з кіраўніцтвам урада 3 снежня.
"Але трэба мець на ўвазе, што за шэсць гадоў дэфіцыт Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва вырас у 9 разоў. І недахоп сродкаў у фондзе стабільна прыкладна 10%", — цытуе прэс-служба кіраўніка дзяржавы яго словы.
Паведамляецца, што на нарадзе абмяркоўваўся праект Указа "Аб дзяржаўным сацыяльным страхаванні".
Як адзначае tut.by, сёлета ў бюджэт ФСАН, з якога вылучаюць сродкі на пенсіі, стыпендыі і дапамогі, планавалася "ўліць" пры неабходнасці 686 мільёнаў рублёў. Гэтыя грошы мяркуецца накіраваць пры патрэбе на выплаты працоўных пенсій і дапамог. Летась у фонд дадавалі амаль 520 мільёнаў рублёў.