"Дэкрэт аб ПВТ 2.0" з падвойным дном. Сяргей Чалы адказвае айцішнікам
Фота: bel.biz
Грамадская дыскусія вакол дэкрэта Аляксандра Лукашэнкі, якім плануецца "перазагрузіць" Парк высокіх тэхналогій, набірае абароты. Незалежны аналітык Сяргей Чалы выступіў з крытыкай дакумента ў сваёй праграме "Эканоміка на пальцах". Лабісты дэкрэта адказалі артыкулам генеральнага менеджара "VP Capital Беларусь" Мікалая Маркоўніка.
Але пасля чытання гэтага артыкула ў Сяргея Чалага з'явілася яшчэ больш пытанняў да "дэкрэту аб ПВТ 2.0" і яго аўтараў. Карэспандэнт Еўрарадыё Павел Свярлдоў запісаў гэтыя пытанні.
Адзін-адзіны чалавек выклікае такую нервічную рэакцыю? Нешта тут нячыста
Наўрад ці Мікалай Маркоўнік паглядзеў хоць адну "Эканоміку на пальцах", акрамя той праграмы, пра якую выказаўся. Чалавек, які пісаў артыкул, проста атрымаў даручэнне паглядзець і нешта адказаць і таму не чуў аргументаў, якія выказваліся ў папярэдніх праграмах.
Мы яшчэ не бачылі тэксту дэкрэта
Дэкрэт, наколькі я ведаю, яшчэ не прайшоў ўзгаднення ў зацікаўленых ведамствах. Бо ёсць выразная працэдура: калі праект дакумента гатовы, ён адпраўляецца на экспертызу. У нашым выпадку — у Мінэканомікі, Мінфін, Міністэрства па падатках і зборах... Гэтага ўсяго яшчэ не было, але дэкрэт ужо пачалі "прадаваць" праз прэсу. Для чаго? Каб ужо "прададзены" дэкрэт немагчыма было не ўзгадніць? Круты лабізм, нічога не скажаш.
Але толькі тады трэба добра падумаць, што важней: доўгатэрміновая задача паляпшэння бізнес-клімату ў IT або нейкія асабістыя задачы, якія трэба тэрмінова рэалізаваць, пакуль не лопнула крыптавалютны пузыр. Калі высветліцца, што другое, то наступствы ад прыняцця дэкрэта нанясуць іміджу Беларусі непапраўныя страты.
Чаму грамадства можа і павінна абмяркоўваць дэкрэт
Шэраг прэтэнзій да мяне можна звесці да фразы "Бо ты нічога ў гэтым не разумееш!". Маўляў, распрацоўка дэкрэта даверана спецыялістам: айцішнікам, юрыстам і іншым. Але, на хвілінку, у перспектыве (калі нам не хлусяць) распаўсюдзіць дзеянне гэтага дакумента плануецца на ўсю краіну. І ёсць спецыяльныя дэмакратычныя механізмы прыняцця рашэнняў адносна таго, якую будучыню выбірае грамадства. Не падмяняць гэта сабой!
Пасля таго, як грамадскае абмеркаванне адбываецца, спецыялісты — юрысты і іншыя — надаюць рашэнням тыя формы, якія патрабуюцца. Вы абслугоўваючы персанал, а не заканадаўцы.
Але адбываецца зусім іншае: не чапайце наш дэкрэт і не глядзіце. У крайнім выпадку — прыватным чынам вам пакажам. Але "Эканоміка на пальцах" так не працуе. Я бяру дадзеныя з адкрытых крыніц. Сэнс праграмы ў тым, што з гэтымі дадзенымі можа азнаёміцца кожны. І кожны, паглядзеўшы туды ж, куды паглядзеў я, прыйдзе да тых жа высноў, якія я агучваю.
IT-феадалізм: барацьба не за правы для ўсіх, а за прывілеі для сябе
Мікалай Маркоўнік піша, што "новы дэкрэт аб ПВТ — гэта дэкрэт не пра льготы і не пра прывілеі "за кошт іншых". Але трэба вельмі дакладна разумець, што любыя льготы — гэта пераразмеркавальная рэч. Напрыклад, калі для пенсіянераў увялі бясплатны праезд, сабекошт праезду меншы не стаў. Значыць, хтосьці плаціў больш! Сама вось гэтая сістэма пабудовы "дзіравых" нейкіх рэчаў, калі ў адным месцы працуюць адны законы, а ў іншым — іншыя, гэта нават не феадальная, а каланіяльная сістэма. Калі прыходзіць знешні кіраўнік і кажа: нам не падабаецца, як у вас тут усё ўладкавана, таму ў нашым анклаве, калі ласка, зрабіце ўсё па-іншаму.
Цікава, ці разумее Мікалай Маркоўнік слова "метафара"? Гэта ўсё роўна, што ён адкрыў бы зборнік паэзіі і абурыўся б: але ж зубкі — гэта ж не жэмчуг, а губкі — не карал, як жа так. І на поўным сур'ёзе пачаў бы распавядаць нам, з чаго складаюцца зубкі і губкі.
Неадпаведнасць тэрмінаў і мэтаў
А вось гэты аргумент: "Ты проста зайздросціш!". Не вельмі зразумела, праўда, каму, чаму і ў чым зайздрасць складаецца. Я тлумачу, што мяне цікавіць не дабрабыт асобных айцішнікаў, а лёс краіны ў цэлым.
У нас ёсць людзі, якія навучыліся добра лабіраваць свае інтарэсы. Класныя юрысты і спецыялісты ў іншых галінах. Раз вы такія разумныя і кажаце, што для паспяховага развіцця эканомікі трэба гэта і гэта — чаму вы тады падрыхтавалі дэкрэт для сябе замест паправак у Грамадзянскі кодэкс для ўсіх? Раз вы такія разумныя добрыя лабісты! Ну вось жа просты шлях! Ах да, ён, вядома, больш складаны і зарабіць так атрымалася б нашмат менш. Але гэта і ёсць тое, што трэба рабіць, а не расказваць: "Няхай хоць тут будзе добра".
ПВТ 2.0 — выпрабавальны палігон на два-тры гады? Мне падабаецца гэты аргумент. Давайце патрэніруемся на котках, дзе эканоміцы Беларусі ніяк не нашкодзіць, бо IT у яе практычна інтэграваныя. Але вось праблема: чаму, што б вы ні рабілі для ўнутранага рынку, у вас атрымліваюцца карупцыйныя валідатары? Гэта метафара, калі што. Хочацца блокчэйн, біткойн і ўсё такое іншае? Зрабіце ўжо хоць бы нармальную сістэму дэкларавання! Гэта, нагадаю, там, дзе ў нас да гэтага часу Internet Explorer, лагін "Alex" і пароль "1111". Хлопцы, гэта ж значна прасцей! Каб нармальна інтэграваць вынікі ПВТ 2.0 у эканоміку, мы павінны выразна прапісаць крытэрыі, па якіх зразумеем, што сістэма працуе. Канкрэтныя лічбавыя крытэрыі, якія будуць сведчыць пра карысць. Пакуль іх няма — гэта ўсё проста бла-бла-бла, спосаб пралабіраваць льготы для сябе і супакоіць тых, хто абураецца: "Чаму толькі вам?!".
Каб праз два гады зразумець, што ПВТ 2.0 працуе, павінны быць пастаўлены даволі кароткія — на год-два — мэты. А цяпер давайце ўспомнім, як нам "прадавалі" гэты дэкрэт. Дакладней, не нам, а таму, каму яго трэба было "прадаць". Што нам распавядалі? Самаходныя карэты з гарбузоў, беспілотнікі, штучны інтэлект, дапоўненая рэальнасць. Секундачку, вы праз год-два пакажаце гэтыя вынікі? Тое, што разлічана на дзесяцігоддзі наперад? Нешта тут не вяжацца, праўда? Убачыць карысць ад ПВТ 2.0 мы павінны праз два гады, а мэты яго рэалізуюцца ў лепшым выпадку да 2050 года!
Выбачацца за "кастрыраваны блокчэйн" не буду
Блокчэйн, які ўкараняецца для абмежаванай колькасці людзей, у якім, у адрозненне ад сучаснасці блокчэйна, адсутнічае сістэма прыняцця рашэнняў метадам галасавання — тое, што называецца Proof-of-Work, — гэта ўжо не блокчэйн. Гэта як калі мы возьмем нейкі прадмет, які вызначаецца праз свае атрыбуты, і ўсіх іх яго пазбавім, але называць будзем так, як і называлі. А ў святле таго, для чаго яго збіраюцца ўжываць у Беларусі, ён наогул не патрэбны. Гэта дарагое і неэфектыўнае задавальненне. Сістэма, якая патрабуе 4 тэраваты энергіі ў дзень, каб выконваць 10 транзакцый у секунду, — гэта, прабачце, будучыня? Калі Нацбанку так трэба размеркаваная база дадзеных — ёсць жа размеркаваныя базы без блокчэйна, якія выдатна працуюць, і айцішнікі гэта ведаюць лепш за мяне.
Адзінае пакуль што практычнае прымяненне блокчэйна — гэта биткойн. Без яго гэтая сістэма не жыве. Сістэма вельмі дарагая, таму яна патрабуе пастаянных датацый з боку яе ўдзельнікаў. А каб было жаданне, каб сваёй працэсарнай магутнасцю яе датаваць, неабходныя дзве рэчы: ідэалагічны складнік, то бок культ (і ён ёсць), і/або фінансавая піраміда ў выглядзе крыптавалюты. А нам спрабуюць распавесці, што ёсць добрая тэхналогія — блокчэйн, мы з яе прыбяром "дрэнны" біткойн — і ўсё будзе працаваць. Не, на жаль, не будзе. А энтузіясты, якія распавядаюць, што будзе "адно вялікае тэлебачанне" [алюзія на словы Рудзіка з фільма "Масква слязам не верыць". — Еўрарадыё] павінны, па-добраму, крыўдзіцца не на мяне, а на Нацбанк, які ўкараняе вось такі вось блокчэйн, а не тое, што ўтрымлівае яго ідэалагічны складнік, а менавіта — сапраўдную цэнтралізацыю, сапраўдную ананімнасць, адсутнасць падзелаў правоў доступу, поўную дэцэнтралізаванасць прыняцця рашэнняў.
Блокчэйнам цікавіліся многія банкі па ўсім свеце, і цэнтрабанкі у тым ліку, і кампаніі, якія займаюцца разлікамі, і біржы. Агульнасусветнае стаўленне да яго — насцярожанае. Ніхто "наперад", "у будучыню" не спяшаецца. Акрамя нас. І гэта мяне здзіўляе: чаму мы гатовыя, нават не паспрабаваўшы ваду, нырнуць у яе з галавой? Аргументы тыпу "там будучыня" вельмі сумніўныя. Калі б я атрымліваў долар кожны раз, калі хтосьці кажа, што нейкая тэхналогія зменіць усю эканоміку, я б ужо быў мільянерам.