Дэлегацыя равінаў не змагла прыехаць у Лёзна, бо не мела беларускіх візаў
Міжнародная дэлегацыя з 500 равінаў не змагла трапіць у Лёзна, бо не мела беларускіх візаў. Іудзейскія святары, удзельнікі кангрэсу равінаў Еўропы, які праходзіць з 18 па 26 жніўня ў Маскве, мелі прыняць удзел у калектыўнай малітве і наведаць мемарыял “Адаменская горка” ў беларускім горадзе.
Як паведамляе TUT.by, 22 жніўня равіны з 30 краін Еўропы выехалі са Смаленска ў Лёзна, аднак на мяжы з Беларуссю іх спынілі супрацоўнікі памежнай службы ФСБ Расіі. Паколькі большасць сябраў дэлегацыі не маюць ні расійскага, ні беларускага грамадзянства, то на іх не распаўсюджваецца дзеянне палажэнняў аб перасячэнні мяжы грамадзянамі Саюзнай дзяржавы. Таму трапіць у Беларусь з Расіі яны могуць толькі праз міжнародныя пункты пропуску.
У беларускім Дзяржаўным памежным камітэце ў сваю чаргу звяртаюць увагу на тое, што большасць дэлегатаў не мелі беларускай візы. Калі б яны прыбылі ў нашу краіну праз міжнародныя пункты пропуску, напрыклад, прыляцелі ў Нацыянальны аэрапорт Мінск, то яны маглі б атрымаць дазвол на ўезд у краіну. На расійска-беларускай мяжы такіх пунктаў няма.
Раней кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў вітанне дэлегатам Кангрэсу равінаў Еўропы, у якім падкрэсліў, што наша краіны з’яўляецца ўтульным домам, у ім сябе камфортна адчуваюць людзі розных нацыянальнасцяў і веравызнання. Ён таксама адзначыў, што сёння іудаізм заямае годнае месца сярод розных канфесіяў краіны, а мерапрыемствы, якія праводзяць іудзейскія арганізацыі ў Беларусі, вельмі значныя для грамадства.