Дэпутат: закон супраць гераізацыі нацызму можа з'явіцца "ў бліжэйшы час"
Лілія Ананіч / СТБ
Экс-міністр інфармацыі, а цяпер дэпутат Палаты прадстаўнікоў Лілія Ананіч у эфіры АНТ распавяла, што цяпер вядзецца "працэс актыўнай напрацоўкі" для прыняцця заканадаўчага акта аб недапушчальнасці гераізацыі нацызму. "Магчыма, да вясновай сесіі мы будзем мець комплексны дакумент, хоць ён можа з'явіцца ў парламенце і ў бліжэйшы час", — сказала дэпутат.
Звычайна вясновая сесія ў беларускім парламенце адкрываецца 2-га красавіка. Жаданне ўладаў прыняць закон раней можна растлумачыць проста 25 сакавіка беларуская апазіцыя традыцыйна святкуе Дзень Волі — гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі. А бел-чырвона-белы сцяг БНР — сімвал беларускай апазіцыі. Менавіта пад ім людзі пратэстуюць супраць несправядлівых выбараў і гвалту з боку сілавікоў у 2020 годзе.
Ёсць падставы меркаваць, што дакументам, пра які кажа Лілія Ананіч, будзе ўведзеная адказнасць за выкарыстанне бел-чырвона-белага сцяга. У цяперашні час у Беларусі ўжо працуе закон "Аб супрацьдзеянні экстрэмізму", якім забароненая нацысцкая сімволіка і атрыбутыка. Аднак БЧБ-сцяг, які ў гады Другой сусветнай вайны выкарыстоўвалі ўдзельнікі "Саюзу беларускай моладзі", не трапляе пад яе азначэнне. Новы закон можа гэта "выправіць".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.