Die Antwoord не змаглі выступіць у Мінску, але клічуць беларусаў у Вільню
Перанесены з Мінска канцэрт паўднёваафрыканскага гурта Die Antwoord пройдзе 7 жніўня ў Вільні ў канцэртнай зале Compensa. Арганізатары паведамляюць, што да 10 чэрвеня ўключна беларусы могуць набыць білеты са зніжкай 20%.
Як вядома, вясной 2018-га ў Мінску Die Antwoord тройчы адмовілі ў выдачы гастрольнага пасведчання. Спачатку Мінгарвыканкам не задаволіла ўзроставае абмежаванне "16+". У наступных заяўках яго выправілі на "18+", але гэта таксама не дапамагло. Чыноўнікі заявілі пра "нізкі мастацкі ўзровень". У выніку Беларусь стала адзінай краінай у Еўропе і ў СНД, дзе канцэрт паўднёваафрыканскага гурта забаранілі.
Die Antwoord — вядомы ва ўсім свеце альтэрнатыўны гурт. Музыкі спрабуюць абудзіць людзей праз "мастацтва ў якасці шокера", выпускаюць правакацыйныя кліпы.