Для Лукашэнкі падрыхтавалі новую канцэпцыю “дэкрэта аб дармаедах”
Для Аляксандра Лукашэнкі падрыхтавалі новую канцэпцыю дэкрэта № 3 (“дэкрэта аб дармаедах”). Пра гэта паведаміла кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава.
“Цяпер мы рыхтуем і практычна заўтра ўнясем новую канцэпцыю дэкрэта № 3, — цытуе словы Качанавай БЕЛТА. — Мы аналізуем гэтую сітуацыю, яна сапраўды сур’ёзная”. Кіраўніца Адміністрацыі прэзідэнта кажа, што паводле дадзеных аблвыканкамаў налічваецца каля 500 тысяч беларусаў, якія нідзе не працуюць.
Як вядома, дэкрэт № 3 “Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства” быў падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у красавіку 2015 года. Паводле дакумента, грамадзяне, якія не ўдзельнічаюць у фінансаванні дзяржаўных выдаткаў больш за 183 дні на год, мусілі заплаціць 20 базавых велічынь (цяпер базавая велічыня — 23 рублі). У сакавіку сёлета ў розных рэгіёнах Беларусі прайшлі акцыі пратэсту. Яны паўплывалі на тое, што дзеянне дэкрэта было прыпынена. Лукашэнка адправіў яго на дапрацоўку. Урад перадаў дапрацаваны дакумент кіраўніку дзяржавы ў пачатку кастрычніка. У СМІ з’явілася нават новая назва дэкрэта — “Па садзейнічанні занятасці”. Аднак, як бачым, ён не задаволіў Аляксандра Лукашэнку, паколькі была падрыхтавана “новая канцэпцыя”.